«Абяцаю прыйсці на дапамогу з усімі ласкамі да тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме святую Камунію, адгаворыць адзін Ружанец і на працягу пятнаццаці хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога».
З аб'яўленняў Маці Божай Фацімскай
13 мая 1917 г. Маці Божая аб’явілася ў Фаціме траім дзецям — Францішку, Жасінце і Люцыі. Праз іх Яна абвясціла сваё пасланне свету, заклікаючы кожнага з нас да прысвячэння Яе Беззаганнаму Сэрцу. Чалавецтву, якое патанае ў грахах, Маці Божая прынесла Божы план выратавання і захавання ад Божага пакарання. Чытаць далей
Гэты план вельмі просты: нястомная малітва, асабліва на ружанцы, пакаянне і ўнутраная перамена жыцця; перапрашэнне беззаганнага Сэрца Марыі за знявагі і грахі людзей у першыя суботы месяца (адна частка Ружанца, споведзь і святая Камунія, а таксама разважанне на працягу 15-ці хвілін над таямніцамі Ружанца).
У Фаціме Марыя гаворыць не пра нейкую новую і невядомую форму Марыйнага культу, а пра набажэнства, якое практыкавалася спрадвеку і шмат разоў рэкамендавалася Касцёлам. Аднак Марыя надае яму новае значэнне і новую форму. Маці Божая спалучае набажэнства з перапрашэннем і просіць аб асаблівым ушанаванні Яе падчас пяці першых суботаў месяца.
Падчас аб’яўленняў Маці Божая таксама паказала дзецям сваё Беззаганнае Сэрца, абвітае цернямі, а потым — пекла, у якое трапляе незлічоная колькасць грэшнікаў. Яна паказала жудасны вынік адыходу ад Божых запаведзяў. Адзіны паратунак для грэшнікаў — выпрасіць для іх ласку навяртання, перапрашаючы за ўчыненае імі зло, каб ураўнаважыць перад Богам цяжар зла глыбокім перапрашэннем. Мы ведаем, што ўрэшце Яе Беззаганнае Сэрца пераможа! Каб толькі мы не былі пасіўнымі сведкамі гэтай перамогі,якая абавязкова адбудзецца, бо, як запэўнівае сястра Люцыя, візіянерка з Фацімы, «Бог стрымае слова». Роля гэтага набажэнства вялікая, бо Марыя абяцае: «Тым, хто прыме гэтае набажэнства, Я абяцаю збаўленне. Гэтыя душы будуць умілаваныя Богам, як кветкі, пастаўленыя Мною для аздобы Яго трону».
«У словах з Фацімы, — пісаў святы Ян Павел ІІ, — выяўляецца тое вымярэнне Мацярынскай любові, якая ахоплівае ўвесь шлях чалавека да Бога;шлях, які вядзе праз гэты свет і які за яго парогам вядзе праз чысцец. Клопат Маці Збавіцеля — гэта клопат пра справу збаўлення; пра справу Яе Сына. Гэта клопат пра збаўленне, пра вечнае збаўленне ўсіх». Паколькі гэты клопат пра збаўленне павінен характарызаваць кожнага з нас, мы абавязаны адгукнуцца на заклік Марыі, і першыя суботы прысвяціць перапрашэнню за грахі свету.
Аднак нельга толькі фармальна выконваць умовы, звязаныя з абяцаннем Маці Божай, хоць яны з’яўляюцца вялікаю дапамогаю на нашым шляху да Бога. Калі мы хочам добра выканаць просьбы Маці Божай і атрымаць абяцанае, тады рэлігійным практыкам павінна спадарожнічаць імкненне да штодзённага жыцця ў асвячальнай ласцы.
Мы дзякуем Пану Богу за аб’яўленні Маці Божай у партугальскай Фаціме ў 1917 годзе. Дзякуем за парады, павучанні, асцярогі і абяцанні, якія Яна нам пакінула. Хвала Найсвяцейшай Тройцы за тое, што Бог ніколі не пакінуў нас у сваёй міласэрнасці, што там, дзе запанаваў грэх, яшчэ больш шчодра разлілася ласка, што Пан Бог раз-пораз расхіляе нябёсы і пасылае на нашую зямлю Найсвяцейшую Панну Марыю, каб Яна несла нам пасланне спакою і давала нам кірунак, які ўказвае шлях да неба.
Марыя сказала: «Езус хоча, каб Мяне больш ведалі і любілі». Наколькі гэта магчыма, падчас набажэнства першых суботаў паглыбім сваю любоў да Багародзіцы і будзем вучыцца жыць, наследуючы Яе пакору і вернасць Богу.
Падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення». Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей, якія абражаюць нашага Збавіцеля і Яго Найсвяцейшую Маці. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.
(Урыўкi ўзяты з кнiжкi "Дзеля трыўмфу Беззаганнага Сэрца Марыі. Набажэнства ў першыя суботы месяца")
«Дачка мая, – сказаў Езус сястры Люцыі, – прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі». Затым Збаўца ўказаў на гэтыя знявагі. Чытаць далей
1. Абраза Беззаганнага Зачацця;
2. Абраза Яе Дзявоцтва;
3. Абраза Яе Божага Мацярынства;
4. Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці;
5. Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.
Умовы, якія павінны выканаць тыя вернікі, якія ўдзельнічаюць у набажэнствах першых суботаў месяца. Чытаць далей
Пры неабходнасці, да споведзі можна пайсці за дзень ці за два да першай суботы, памятаючы пра інтэнцыю: перапрашэнне і ўміласціўленне Беззаганнага
Сэрца Марыі за ўсе знявагі. Можна прачытаць наступныя малітвы (ці прамовіць сваімі словамі).
Малітва перад споведдзю (1)
Божа, я прагну прыступіць да святога сакрамэнту паяднання, каб атрымаць прабачэнне за ўчыненыя грахі, асабліва за тыя, якімі, свядома ці несвядома, я прычыніў (прычыніла) боль Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Праз гэтую споведзь прашу ласкі Божай міласэрнасці для мяне, а таксама для бедных грэшнікаў, каб Беззаганнае Сэрца Марыі затрыумфавала сярод нас.
Езу, Ты паказаў нам пагрозу граху, які вядзе людскія душы да вечнага асуджэння, узглянь на ўсіх тых, хто знаходзіцца ў няволі зла. Я прыступаю дасвятой споведзі як іх брат (сястра), адказны(-ая) за іх лёс. Прашу, няхай ласкі, якія выплываюць з гэтага сакрамэнту, будуць дадзеныя не мне, а тым душам, якім яны найбольш патрэбныя. Збаўца свету, які ўказаў на Беззаганнае Сэрца сваёй Маці, пранізанае цернямі людскіх грахоў! Я прагну праз гэтую святую споведзь перапрасіць і ўміласцівіць за зло, якое раніць Сэрца Тваёй Маці.
Няхай духоўныя даброты, якія Ты хочаш мне ўдзяліць, пройдуць спачатку праз Беззаганнае Сэрца Марыі, несучы Ёй палёгку і суцяшэнне. Езу, Сыне Марыі, удзялі мне гэтую ласку, каб я быў(была) годны(-ая) ўміласцівіць церпячае Сэрца Тваёй Беззаганнай Маці. Амэн.
Малітва перад споведдзю (2)
Божа, прагну прыступіць да сакрамэнту пакаяння, каб атрымаць прабачэнне за ўчыненыя грахі, асабліва за тыя, якімі свядома ці несвядома я прычыніў (прычыніла) боль Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Прагну праз гэтую споведзь атрымаць Тваю, Божа, міласэрнасць для мяне, а таксама для бедных грэшнікаў, каб Беззаганнае Сэрца Марыі затрыўмфавала сярод нас. Амэн.
Малітва пасля споведзі
Езу, мой Збаўца! Ты памёр за нас на крыжы, каб вывесці чалавецтва з няволі граху і адчыніць усім душам браму ў неба. Дзякую Табе за тое, што ў сакрамэнце паяднання Ты даў мне сваё прабачэнне і дакрануўся ласкай міласэрнасці. Прашу Цябе, мой Збаўца, не дазваляй мне ніколі адысці ад Цябе, не дазваляй мне быць для Цябе і для бліжніх прычынаю смутку і цярпення.
Мой Пане, так шмат душаў ідзе па свеце, адварочваючыся ад Цябе, шляхам, які вядзе да асуджэння, памнажаючы зло ў свеце. Прашу, злітуйся таксама над гэтымі грэшнымі дзецьмі і ўратуй іх ад пекла! Ахвярую Табе маю споведзь у інтэнцыі ўміласціўлення за іх грахі, ахвяруючы Табе мой штодзённы крыж, цярпенні, цяжкасці і хваробы. Прашу ў Цябе ласкі перапрашэння і кампенсацыі за грахі гэтых маіх братоў і сясцёр супраць Беззаганнага Сэрца Тваёй Маці. Амэн.
Святую Камунію мы павінны ахвяраваць таксама ў інтэнцыі перапрашэння і ўміласціўлення Беззаганнага Сэрца Марыі. Пасля св. Камуніі можна прачытаць наступныя малітвы (ці прамовіць сваімі словамі).
Малітва (1)
Езу, Валадар спрадвечнай Любові, люблю Цябе і прымаю з любоўю як Валадара майго сэрца. Прашу Цябе, схавай мяне назаўсёды ў Тваім Боскім Сэрцы і прымі маё жыццё як знак удзячнасці за дар збаўлення, які Ты даеш мне праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі. О чулая Маці, я прашу ў Цябе прабачэння за мае грахі, за грахі маёй сям’і, Айчыны і свету, якія раняць Тваё Беззаганнае Сэрца! Каб кампенсаваць Табе вялікія цярпенні, якія Ты перажываеш з-за нас, няўдзячных дзяцей, ахвярую Табе бясконцую Любоў Езуса, прысутнага ў маім сэрцы. З любоўю падпарадкоўваюся Твайму валадаранню, каб як мага хутчэй затрыумфавала Тваё Беззаганнае Сэрца. Маці Міласэрнасці, Прытулак грэшнікаў, маліся за нас! Амэн.
Малітва (2)
Найсвяцейшая Панна, Маці Бога і наша Маці! Яднаючыся з Тваім Сынам у св. Камуніі, прагну ўміласціўляць Цябе за грахі людзей супраць Твайго Беззаганнага Сэрца. Нягледзячы на сваю нікчэмнасць і бездапаможнасць, хачу зрабіць усё, каб кампенсаваць за ўсе абразы і блюзнерствы. Прагну, о Найсвяцейшая Маці, шанаваць Цябе і любіць усім сэрцам, бо гэтага чакае ад мяне Пан Бог. І менавіта таму, што я люблю Цябе, я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб усе шанавалі і любілі цябе. А Ты, мая наймілейшая Маці, Прытулак грэшнікаў, прымі гэтае ўміласціўленне, якое я ахвярую Табе, таксама за тых грэшнікаў, хто Цябе абражае і зневажае. Выпрасі ў Бога навяртанне для іх, каб праз дараваную ім ласку яшчэ больш стала бачнай Твая Мацярынская дабрыня, моц і міласэрнасць. Няхай і яны далучацца да гэтай пашаны і праслаўляюць Тваю святасць і дабрыню, абвяшчаючы, што Ты благаслаўлёная паміж жанчынамі, Маці Бога, Беззаганнае Сэрца якой нястомнае ў чулай любові да кожнага чалавека. Амэн.
Ён адгаворваецца так, як звычайны Ружанец (молімся адну з чатырох частак Ружанца), з той розніцаю, што пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя... дадаюцца наступныя заклікі, у кожнай таямніцы іншыя:
1. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце!
2. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва!
3. Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці!
4. Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў!
5. Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.
15-хвіліннае разважанне (медытацыя) таямніцы Ружанца, адной або некалькіх (можам разважаць над любой таямніцай).
з выдання "Дзеля трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі"
з выдання "Агульнабеларуская навэнна. Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!"