Падчас трэцяга перыяду працы над сабой я лепш пазнаю, кім для мяне з’яўляецца Марыя. Каб я мог, як св. Людвік, сказаць: "Я цалкам аддаюся Табе, Марыя, і прымаю за адзінае маё дабро".
Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным дапамога.
Ты, што прывітана словам Габрыэля,
Умацуй нас у веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху, аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
I прасі, о Панна, Ты за нас Езуса,
Каб мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай жыць у пакоры.
Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
Што вядзе да Неба, да яднання з Богам.
a) Кожны з нас з’яўляецца вандроўнікам, які вяртаецца да Айчыны, да Дому Айца.
b) Кожны шукае самага лепшага і самага надзейнейшага шляху.
c) Ты, Маці Божая, вядзеш мяне самым простым шляхам. Я іду, трымаючы Цябе за руку. Дарога цяжкая і цвёрдая, але побач з Табой лягчэй пакінуць неўпарадкаваныя жаданні, дрэнныя схільнасці і любоў да сябе. Побач з Табой, якая так шмат пакутвала, цярпенне не такое горкае. Дарога доўгая, але разам з Табой крочыцца хутчэй і спакуса не так адцягвае, бо Ты асцерагаеш ад пастак і небяспекаў. Твая любоў асалоджвае абцяжарваючую штодзённасць.
d) Маці Божая, што б Ты зрабіла цяпер, тут, на маім месцы? Як бы Ты Сябе паводзіла? Якая была б Твая рэакцыя на гэтыя цяжкасці, гэтыя спакусы? Як бы Ты малілася, працавала, цярпела? Увайдзі, Маці, у маё жыццё, каб Ты ім кіравала так, як Сваім уласным жыццём.
Лк 8, 19-21: "Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе». Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».”
[152] Гэта шлях, які Езус Хрыстус праклаў, прыйшоўшы да нас. На гэтым шляху няма ніякіх перашкодаў, каб ісці да Яго. Канешне, можна ісці да еднасці з Богам і іншымі шляхамі, але гэта будзе крочанне праз вялікія крыжы, цяжкія ўтаймаванні плоці і шматлікія іншыя перашкоды, якія нельга так лёгка перамагчы. Трэба будзе прайсці праз цёмныя ночы, праз цяжкую барацьбу, стромыя горы, вострыя церні і жудасныя пустэльні. А шляхам Марыі ідуць мякка і спакойна.
[155] Гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца кароткім шляхам, каб знайсці Езуса Хрыста, таму што на гэтым шляху нельга заблукаць і таму, што, як я ўжо сказаў, па ім крочыцца з радасцю і лёгкасцю, а таму шмат хутчэй. У адданасці і залежнасці ад Марыі ідзеш шмат хутчэй, чым жывучы доўгія гады, абапіраючыся на ўласную волю і на сябе самога. Таму што чалавек, паслухмяны і падданы боскай Марыі, будзе выхваляць перамогу над усімі ворагамі. Праўда, тыя захочуць перашкодзіць яму ісці наперад, або прымусіць павярнуць назад, або пхнуць, каб ён упаў. Але з дапамогай і кіраўніцтвам Марыі яны не ўпадуць, не павернуць назад і нават не спозняцца, а вялікімі крокамі будуць ісці да Езуса Хрыста тым самым шляхам, якім, як напісана, Езус прыйшоў да нас вялікімі крокамі і ў кароткі час.
[157] Гэтае практыкаванне ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца дасканалым шляхам, каб ісці і з’яднацца з Езусам Хрыстом, таму што боская Марыя — самае дасканалае і святое з усіх чыстых стварэнняў, а Езус Хрыстус, які прыйшоў да нас самым дасканалым шляхам, не абраў іншага дзеля свайго вялікага і цудоўнага вандравання.
[164] Гэтае ўшанаванне з’яўляецца пэўным сродкам, каб ісці да Езуса Хрыста, таму што Святая Дзева верна вядзе нас да Яго, гэтаксама, як Ён верна вядзе нас да Спрадвечнага Айца. І не трэба памылкова думаць, што Марыя можа быць перашкодай, каб дасягнуць еднасці з Богам. Бо ці можа быць так, што Тая, што знайшла ласку ў Бога дзеля ўсяго свету і дзеля кожнага асобна, сталася перашкодай для душы, каб знайсці ласку еднасці з Ім? Ці гэта магчыма, каб Тая, што была поўная ласкі, настолькі з’яднаная з Богам і абагаўлёная, што Ён уцелавіўся ў Ёй, перашкаджала душы дасканала з’яднацца з Богам?
Гэта праўда, што прывязанасць да іншых стварэнняў, хоць і святых, магло б, магчыма, часам перашкодзіць з’яднанню з Богам. Але толькі не з Марыяй, як я ўжо гэта сказаў і буду заўсёды нястомна казаць. Прычынай таго, што так мала душаў дасягаюць дасканаласці Езуса Хрыста, з’яўляецца тое, што Марыя, Маці Езуса Хрыста і плодная Сужонка Святога Духа, не досыць уфармаваная ў іх сэрцах. Хто хоча мець добра саспелы плод, павінен мець дрэва, якое яго нараджае. Хто хоча мець плод жыцця, Езуса Хрыста, павінен мець дрэва жыцця, Марыю. Хто хоча, каб у ім дзейнічаў Дух Святы, павінен быць у еднасці з Яго вернай і неразрыўнай Сужонкай, боскай Марыяй, якая робіць Яго плодным, як мы ўжо казалі раней.
[165] Таму можаце быць упэўненыя: чым больш вы будзеце ўглядацца ў Марыю ў сваіх малітвах, кантэмпляцыі, дзейнасці і пакутах, хоць і не зусім ясна і выразна, але агульна і незаўважна, тым лягчэй вы знойдзеце Езуса Хрыста, які заўсёды з Марыяй, вялікі, магутны, дзейсны і неспасцігальны. Ён у Ёй больш, чым у небе ці іншым стварэнні сусвету. Таму Марыя, цалкам пагружаная ў Бога, не можа стаць перашкодай, каб імкнуцца да еднасці з Богам. І ніколі не было і не будзе больш дасканалага стварэння, якое б найлепш дапамагала нам у гэтым вялікім імкненні. І Марыя надзяляе дзеля гэтага сваімі ласкамі. І, як кажа святы, ніхто не быў напоўнены думкамі Божымі, як толькі праз Марыю: «Nemo cogitatione Dei repletur nisi per te». З іншага боку, Яна абараняе нас ад ілюзіяў і падману злога духа.
ў інтэнцыі цалкавітага падпарадкавання Марыі.