зразумець, што ў гэтым свеце не адпавядае духу Езуса Хрыста;
распазнаць, якія ўва мне ёсць азнакі духа гэтага свету;
з пакорай прасіць Езуса і Марыю дапамагчы мне ад іх пазбавіцца.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты - найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І ўзмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты ўзмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты - Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Вузкая брама… »
«Любіце ворагаў вашых!»
«Не адварочвайся ад таго, хто ў цябе просіць»
14. А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе.
38 Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. 39 А Я вам кажу: не адплачвайце злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. 40 І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. 41 І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. 42 Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе. 43 Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. 44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, 45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46 Калі ж вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? 47 І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? 48 Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Лепш мець мудрасць, чым сілу»
«Жаданне мудрасці вядзе да вечнага Валадарства»
1. Мудрасць лепшая за сілу, і ўважлівы чалавек лепшы за адважнага.
2. Вы, каралі, паслухайце і зразумейце; атрымайце навуку, суддзі ўсёй зямлі.
3. Слухайце ўважліва, вы, што кіруеце народамі і ганарыцеся тым, што пад вашай уладай шматлікія народы.
4. Ведайце, што вы атрымалі гэтую моц ад Бога і гэтае пераўзыходства ад Найвышэйшага, які папросіць у вас справаздачу за вашыя справы і будзе даследваць вашыя думкі.
5. Таму што, будучы слугамі Яго Валадарства, вы не судзілі па-справядлівасці, вы не захоўвалі закон справядлівасці і не шукалі волі Божай.
6. Ён аб’явіцца вам страшна і нечакана, таму што тыя, хто кіруюць іншымі, будуць асуджаныя з вялікай суровасцю.
7. Таму што малыя атрымаюць міласэрнасць, і ім лягчэй прабачаюць; але магутныя будуць цярпець вялікія пакуты.
8. Бог ні для каго не робіць выключэнняў; ён не спалохаецца нічыёй вялікасці, таму што Ён стварыў вялікіх і малых, і аднолькава клапоціцца пра кожнага.
9. Але самым вялікім пагражаюць самыя вялікія пакаранні.
10. Менавіта да вас, валадары, я кірую гэтую прамову, каб вы навучыліся Мудрасці і не ўпалі.
11. Таму што тыя, што будуць рабіць свае справы справядліва, будуць апраўданыя, і тыя, што навучацца таму, чаму я навучаю, знойдуць, чым абараніцца.
12. A таму горача жадайце маіх словаў, любіце іх, і вы знойдзеце ў іх навуку для сябе.
13. Мудрасць, поўная святла, і яе прыгажосць ніколі не завяне. Тыя, што яе любяць, лёгка яе заўважаюць, і тыя, што яе шукаюць, знаходзяць.
14. Яна папярэджвае тых, што яе жадаюць, і першая выходзіць ім насустрач.
15. Той, што чувае зранку, каб мець яе, не будзе мець цяжкасцяў, таму што знойдзе яе ля сваіх дзвярэй.
16. Таму займаць свой розум Мудрасцю – гэта дасканалая разважлівасць, а той, што будзе чуваць, каб атрымаць яе, хутка знойдзе адпачынак.
17. Таму што яна сама аглядаецца па баках, каб шукаць тых, што годныя яе; яна паказваецца ім дабразычлівай на іх шляхах і ідзе перад імі з усім клопатам свайго Провіду.
18. Таму пачатак Мудрасці – гэта шчырае жаданне яе навукі; жаданне навукі – гэта любоў; а любоў – гэта захоўванне законаў.
19. Уважлівае захоўванне яе законаў – гэта ўмацаванне дасканалай чысціні душы.
20. А гэтая дасканалая чысціня набліжае чалавека да Бога.
21. Менавіта такім чынам жаданне Мудрасці вядзе чалавека ў вечнае Валадарства.
22. Калі вы любіце трон і скіпетр улады, о валадары народаў, любіце Мудрасць, каб вы вечна валадарылі.
23. Любіце святло Мудрасці, вы, што кіруеце народамі свету.
24. Я скажу цяпер, што такое Мудрасць і адкуль яна паходзіць; я не буду хаваць ад вас таямніцы Божыя, а вярнуся да хвіліны яе нараджэння і вельмі ясна распавяду пра яе, каб яе можна было пазнаць; і не буду хаваць праўды.
25. Я не пайду па слядах таго, хто высах ад зайздрасці, таму што зайздросны не будзе мець удзелу ў Мудрасці.
26. Мноства мудрых – гэта збаўленне свету, а мудры кароль – гэта падтрымка для яго народу.
27. Атрымайце навуку праз мае словы, і яна будзе для вас вельмі карыснай.
Ці ты імкнешся жыць згодна з Евангеллем? Ці дазваляеш сабе ісці за духам гэтага свету?
Малітва святога ружанца.