Плёны вельмі разнастайныя і каштоўныя. Цалкавітае адданне сябе Марыі прыносіць:
a) Богу найвялікшую хвалу.
Самі мы забываемся ўсё кіраваць на хвалу Божую. Марыя твае думкі, словы, учынкі, цярпенні і ўвесь твой час зробіць хвалой Божай, каб ачысціць іх ад свядомага шукання сябе і служэння сабе. Калі свае мэты ты падпарадкуеш Яе інтэнцыям, твае самыя простыя ўчынкі будуць удзельнічаць у бязмежнай хвале, якую Яна аддавала Богу.
b) Тваё адданне Марыі з’яўляецца найвышэйшым дабром для бліжніх.
Хто аддае сябе Богу праз Марыю, становіцца разам з Ёй дарам Бога для людзей, начыннем Яго любові да людзей. Маці Божая захавае цябе ад грахоў супраць любові да бліжняга. Яна дасць табе ўдзел у Яе міласэрнасці. Зробіць цябе чулым на патрэбы самых бедных, асабліва паміраючых грэшнікаў. Яна навучыць цябе далікатнасці, як прабачаць і выпраўляць нават самыя маленькія непрыемнасці. Найбольш з твайго аддання атрымаюць твае блізкія. Таму што „твае", становяцца „Яе". Марыя за гэтае адданне яшчэ больш іх любіць, больш ім дапамагае і моліцца за іх.
c) Адданне сябе Марыі з’яўляецца перш за ўсё тваім самым вялікім пажыткам.
Перш за ўсё яно дае табе ўдзел у Яе жыцці і цнотах. Як Яе дзіця ты становішся саўладальнікам усіх Яе дабротаў. Яна дасць табе ўдзел у сваёй веры, без якой нельга падабацца Богу, у сваім даверы і пакоры, якія з’яўляюцца мудрасцю. Ты атрымаеш удзел у Яе бязмежнай любові да Бога і найміласэрнейшай любові да людзей. Яна аздобіць твае добрыя ўчынкі сваімі заслугамі так, што яны будуць больш да спадобы Богу і прынясуць табе больш ласкаў. Яе любоў схавае шмат тваіх недахопаў і грахоў.
d) Адданне сябе Марыі хутка з’ядняе цябе з Хрыстом, а гэта твая святасць.
e) Марыя з’яўляецца пэўным шляхам да Хрыста i вызваліць цябе ад усіх пастак сатаны. Гэта самы лёгкі шлях, таму што Яна сама дапаможа табе перажыць цярпенне, патрэбнае для тваёй святасці, і самы кароткі, таму што за вельмі кароткі час, залежачы ад Яе, ты зойдзеш на шляху любові далей, чым за доўгія гады вандроўкі па сваёй уласнай волі.
f) Адданне сябе Марыі дае цалкавітую духоўную вольнасць, яно зробіць цябе вольным ад страхаў, скрупулёзнасці і зраненняў. Ты атрымаеш вялікае пачуццё бяспекі, не будзеш баяцца людзей, цярпення і няшчасцяў. Ты будзеш сапраўды вольным. Не будзеш баяцца прыняцця рашэнняў і іх наступстваў, таму што Яна будзе табе дапамагаць выбіраць. Нават твае памылкі і няўдачы Яна выкарыстае для дабра. A нават, калі нешта дрэннае ты зробіш свядома і калі потым вернешся да Яе, Яна ўсё выправіць і вызваліць ад дрэнных наступстваў. Ты зможаш глыбока і спакойна верыць, што любячым Бога ўсё спрыяе да дабра.
Калі ты аддасі сябе Марыі, то атрымаеш ад Яе шмат радасці. Будзеш атрымліваць час ад часу намацальныя знакі Яе наймілейшай апекі і ўмяшальніцтва. А што яшчэ можа радаваць больш, чым тое, што цябе, менавіта цябе, малога, беднага і “няўдалага”, сардэчна і праўдзіва любіць гэта найпрыгажэйшая пасля Бога Істота?
Гэтая радасць будзе прадсмакам той асаблівай радасці, якую ў небе атрымаюць тыя, што аддаліся Ёй.