Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! У першыя суботы месяца Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для ўсіх, хто прагне прыняць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог паказаў нам у Фаціме. Прашу, адкрый перад намі сваё Сэрца. Асмельваемся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай, а таксама з дзіцячаю адвагаю, таму што хочам наследаваць Цябе у вернасці Богу, таму што хочам жыць любоўю да Твайго Сына, таму што прагнем заўсёды трываць у стане ласкі, і нарэшце, таму, што прагнем ўсё, што толькі можам, ахвяраваць у духу ўміласціўлення за грахі тых людзей, якія зневажаюць і абражаюць Цябе. Дапамажы, каб сэрцы нашыя станавіліся ўсё больш любымі Табе, больш блізкімі Табе, больш падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца… Убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся. А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён апярэдзіць вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам” (Мк 16, 2.4–7).
Уваскрос! Якая радасць мусіла напоўніць засмучаныя сэрцы гэтых святых жанчынаў, што на самым ранку прыбылі да магілы. Яны ж любілі Езуса, аплаквалі Яго як памерлага, а цяпер атрымліваюць радасную вестку: Яго няма ў магіле, Ён уваскрос! Таму жанчыны забываюць пра ўсё, пра свае цярпенні, неспакой, клопаты і пра сваю стому, каб радавацца хвале ўваскрасення, пацверджанню Боскасці Настаўніка, якога яны так моцна любяць.
Сёння я таксама, добры Езу, хачу забыць пра ўсе свае малыя зямныя турботы, клопаты, неспакой і смутак. Хачу забыць пра сябе, пра гэты маленькі бедны свет, каб цешыцца, Езу мой, Тваёй хвале, радавацца Твайму шчасцю, таму што любоў больш жыве ва Умілаваным, чым у сабе.
Якая мусіла быць радасць у Магдалены, калі раптам з вуснаў чалавека, якога яна палічыла садоўнікам, пачула адно гэтае слова: «Марыя!» Яна ведала гэты голас, і раптам нібы заслона спала ў яе з вачэй — яна пазнала Настаўніка… Зразумела, што Езус бачыў яе смутак, яе жаль, што Езус, які так ведае таямніцы нашых сэрцаў, адчуў яе адзіноту, тую страшную пустку, якую Яго смерць пакінула ў яе сэрцы… Яна зразумела, што зноў назаўсёды здабыла Таго, каго з такім болем аплаквала. І смутак саступіў месца такому вялікаму і такому салодкаму шчасцю, што яна змагла вымавіць толькі адно слова: «Настаўнік!» Але ў адным гэтым слове змясцілася ўся бездань любові!
Езу, Настаўнік мой, ці разумею я гэтак жа, як Магдалена, усё шчасце прабывання каля Тваіх ног? Няхай хвіліны, праведзеныя каля ног Пана, будуць найсвятлейшымі хвілінамі нашага жыцця, няхай да іх вырываюцца нашыя сэрцы. Але давайце памятаць пра тое, што Езус яшчэ не заклікае нас да пастаяннага спачынку. Гэтак жа, як Магдалену, Ён і нас заклікае да апостальскай працы, таму так, як яна, будзем слухаць Пана… Возьмемся за працу з руплівасцю, стараннасцю, адважна і ахвотна, бо праца — гэта таксама акт любові, гімн любові душы на хвалу ўмілаванага Настаўніка!
«Спакой вам!» Гэтымі цудоўнымі словамі Езус вітае Апосталаў, паказаўшыся ім першы раз пасля свайго ўваскрасення… І напэўна ў сэрцах Апоўсталаў стала так ціха, так спакойна. Знікла боязь, што яны пакінутыя, пазбаўленыя апекі, якою карысталіся на працягу трох гадоў, і яны адчулі, што адгэтуль Езус ужо будзе з імі назаўсёды. Зразумелі, што спакой — гэта найкаштоўнешы дар, які Езус выслужыў для нас сваёю мукаю і смерцю, што гэты салодкі, Божы спакой, які анёлы прадвяшчалі пры нараджэнні Хрыста і які Езус абяцаў Апосталам пасля ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, цяпер ужо стаў належаць сэрцам добрай волі, сэрцам, якія жадаюць служыць Езусу; што гэты святы, Божы спакой можа спадарожнічаць беднаму чалавеку ў бурах, у цемры і сярод крыжоў зямнога жыцця ажно да смерці і праз усю вечнасць.
Якія цудоўныя Твае раны, якія яны дабратворныя, міратворныя!
Ці ўсведамляю я, які скарб маю ў гэтых ранах? Яны заўсёды адкрытыя, нібы Езус запрашае мяне: «Прыйдзі да Мяне, да Маіх ранаў, спачывай там у непарушным супакоі, там ты ў бяспецы. Злы дух не мае доступу да гэтых найсвяцейшых месцаў, там знойдзеш моцную, непарушную веру ў Боства Таго, хто сцярпеў гэтыя раны для цябе і пасля свайго ўваскрасення пакінуў іх, ззяючых, як каштоўныя рубіны, каб запэўніць цябе, што Я, Уваскрослы, — Той самы, хто ў страшных муках памёр на крыжы. Там ты знойдзеш нязломную надзею, бо калі ты прытулішся да святых ранаў, то адчуеш, што Я ў гэтых ранах спалю твае грахі і крывёю, што сцякае з іх, абмыю душу ад заганаў граху. Там ты знойдзеш жар любові, бо ці ж не палюбіш ты Таго, хто ранамі і сваёю крывёю збавіў цябе ад вечнай смерці?»
О раны майго Езуса, вы — мая надзейная сховань. Калі я схаваюся ў вас — буду ў бяспецы… О раны майго Езуса, я хілюся да вас у захапленні любові…
Пётр успамінае сваё трохразовае адрачэнне ад Езуса, умілаванага Настаўніка. І жаль, глыбокі жаль, які ён няспынна адчуваў у душы, аднаўляецца ў ім з падвойнаю сілаю. Ён адрокся ад Пана, не прызнаў Яго — дык якое ж ён мае права яшчэ сцвярджаць, што любіць Яго? І са святою трывогаю, з самым гарачым жалем, з самаю шчыраю пакораю паўтарае гэтае запэўніванне ў любові…
Езус, які чытаў у сэрцы Пятра, як у адкрытай кнізе, бачачы там шчырасць гэтага запэўнівання ў любові, узамен — як для зарукі сваёй любові да яго, як ва ўзнагароду за гарачае пачуццё Апостала — прадказвае яму мучаніцкую смерць на крыжы…
О, калі б я мела столькі любові і магла прыйсці да разумення таго, што праз крыж можна найлепей трапіць у неба, што праз крыж можна найлепей праявіць сваю любоў да Езуса! Гэта праўда, якую я ў прынцыпе разумею, але мне цяжка рэалізаваць яе ў сваім жыцці. Я яшчэ так баюся крыжа, так ухіляюся ад яго, так пазбягаю яго. А калі не магу яго пазбегнуць, калі ён пачынае абцяжарваць мае плечы, тады пачынаецца нараканне, прыходзіць смутак, дрэнны настрой, незадаволенасць, слёзы. Тады іншым цяжка вытрываць мяне, бо я цалкам занятая сабою, а крыж — замест таго, каб быць для мяне тым, чым ён павінен быць па волі Езуса, — становіцца прычынаю розных падзенняў. Хіба не шкада? А мае малыя крыжыкі маглі б быць для мяне крыніцаю ласкаў, крыніцаю заслугаў, крыніцаю найчысцейшай любові. Галоўнае — каб я хацела з радасцю туліць іх да сэрца, дзякаваць за іх, бо яны для мяне могуць быць больш каштоўнымі за золата і срэбра.
Езус усё ведае, Ён трымае ў сваіх руках маё жыццё, маю будучыню — якая гэта для мяне нагода бязмежна давяраць Яму! Я магу быць спакойнаю: Езус нада мною чувае, Ён падрыхтаваў мне будучыню, Ён у сваіх распараджэннях адносна мяне прыстасоўваецца да маіх сілаў… Станецца тое, чаго хоча Бог, і гэта будзе добра! Давайце скінем з сэрца клопаты пра заўтрашні дзень, якія мучаць нас, — досыць сённяшняму дню сваёй нядолі, заўтра само пра сябе будзе памятаць. Правесці сённяшні дзень па-Божаму, працаваць сёння над сабою, як мага больш верна выканаць сёння свае абавязкі — вось да чаго я павінна імкнуцца, вось чым павінна заняць свае думкі, а клопаты пра заўтра пакінуць Пану, бо «Ён клапоціцца пра вас».
Як часта мы трывожымся з-за чорных думак, прадчуванняў, страхаў за будучыню: што будзе ў такім выпадку, а што ў іншым… Бедная душа мітусіцца, трывожыцца, непакоіцца, нервуецца, а потым Пан Бог дае справе зусім іншы паварот, усё адбываецца зусім не так, як мы баяліся… Дык ці варта з-за сумніўных здагадак, з-за выдумак нашага ўяўлення падвяргаць душу шматлікім недасканаласцям, можа, нават граху?
Езу, аддаю ў Твае рукі сваю будучыню і з поўным спакоем кажу: «Вось, Пане, іду споўніць Тваю волю, пакажы мне яе, і я буду верна служыць Табе заўсёды і ўсюды».