Пачаткам жыцця на шляху аддання сябе Марыі з’яўляецца першы акт аддання.
Гэта можа зрабіць кожны, хто разумее, што такое адданне сябе Марыі і хто шчыра прагне ўвасабляць яго ў жыцці. Ты можаш учыніць гэты акт у любы момант, у любым стане і месцы. Зробіш добра, калі параішся таксама са сваім спаведнікам або духоўным кіраўніком.
Да першага акту аддання трэба старанна падрыхтавацца. Перш за ўсё табе трэба ачысціць душу ў св. споведзі, з’яднацца з Хрыстом у Св. Камуніі і мець жаданне стала жыць у асвячальнай ласцы.
Але нават вельмі грэшны чалавек можа аддаць сябе Марыі, галоўнае, каб ён быў гатовы ўсё прысвяціць, каб пазбыцца грахоў. Падчас падрыхтоўкі трэба імкнуцца пазнаць сябе, перш за ўсё, аднак, дасканала пазнаць Марыю, паглыбіць асабістыя адносіны з Ёй праз малітву, выказванне Ёй пашаны і намаганне наследаваць Яе цноты.
Каб учыніць акт аддання, выбяры важнае свята Маці Божай, але можаш гэта зрабіць і ў любы іншы дзень, калі адчуваеш такую патрэбу.
Самай падыходзячай хвілінай для акту аддання з’яўляецца святая Імша ў момант перамянення, калі Езус аддае Сябе за нас Айцу. Пасля перамянення або Святой Камуніі мы можам разам з Ім аддаць сябе Богу праз Марыю. Для гэтага існуюць розныя формулы акту аддання. Ты можаш скласці свой асабісты акт. Перапішы яго, пастаў уласны подпіс, напішы дату і захавай на памяць. Таксама можаш выкарыстаць наступны акт аддання, які св. Айцец Павел VI надзяліў адпустамі:
„Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові.
Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш.
Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн."
У гадавіну свайго першага акту аддання, урачыста і з адпаведным прыгатаваннем, трэба яго аднавіць. Можна яго паўтараць штодзённа, раніцай і ўвечары, а нават некалькі разоў на працягу дня, у форме кароткага ўсклікання, напрыклад: „Марыя, я ўвесь твой, а ўсё маё - тваё".
Kалі ты цалкам аддаеш сябе ў першы раз, то перакананы ў тым, што сапраўды аддаеш сябе цалкам. З часам, аднак, бачыш на практыцы розныя рэчы, якіх яшчэ не аддаў. Таму трэба наноў, па чарзе аддаваць усё, далучаючы да першага акту аддання.
Трэба ўвесь час паглыбляць акт аддання.
Як паглыбляць адданне розуму? Трэба аддаваць Марыі ўсе свае думкі, высновы, усё сваё інтэлектуальнае развіцце. Трэба згадзіцца на тое, што ты даведаешся менавіта столькі, колькі захоча Бог, а нават на тое, што Бог забярэ ў цябе розум, калі гэта будзе патрэбна.
Як паглыбляць акт аддання волі? Ты можаш дазволіць Марыі, каб Яна мела доступ да тваёй волі і заўсёды магла цябе пераканаць і заахвоціць да таго, чаго Яна жадае.
Як паглыбляць акт аддання цела? Трэба аддаваць здароўе, хваробу, смерць. Касцёл раіць гэта зрабіць, выражаючы згоду на ўсе цярпенні ў хвіліну смерці, якія Бог пажадае спаслаць, тады ўдзяляецца поўны адпуст.
Добра згадзіцца на свой знешні выгляд. Калі асоба жадае грэшна падабацца іншым і не можа пазбавіцца ад гэтага пачуцця, няхай згодзіцца дзеля Марыі на тое, што перастане падабацца.
Як паглыбляць адданне сваіх пачуццяў? Аддаванне выверне з закамаркаў тваёй душы ўсе страхі, якія там былі схаваныя, а цяпер выплываюць на паверхню. Вельмі добра, калі пры аддаванні ўяўніваюцца страхі. Адданне павінна цябе з іх вызваліць і ачысціць тваю душу. Яны павінны таксама паўсплываць дзеля таго, каб ты іх перамог.
"У любові няма страху” – сказаў св. Ян (1 Ян 4,18). Пан Езус у садзе Аліўным маліўся: "Ойча, не Мая воля, а Твая няхай станецца” (пар. Лк 22,42). Любоў да Нябеснага Айца перамагла страх. Езус даў прыклад таго, што згода на волю Айца з’яўляецца любоўю. Такі падыход дапаможа перамагчы ўсе страхі.
Шчаслівы чалавек, які ўсведамляе ўсе свае страхі і можа іх перамагчы.
Натуральныя сродкі штучна падаўляюць іх і могуць дрэнна паўплываць на псіхіку. Толькі надпрыродныя сродкі з’яўляюцца тут плённай і бяспечнай дапамогай, таму што лечаць дзякуючы дзеянню любові.
Адданне ўсяго фактычна падразае карані першароднага граху, а значыцца і карані ўсіх непатрэбных прывязанасцяў да людзей і рэчаў. Пасля такога аддання твой унутраны свет стане больш ясным і ты лепш зразумееш, чаго ты сапраўды хочаш.