Ты можаш і павінен аддаваць Марыі ўсіх людзей, асабліва тых, з кім Яна цябе нейкім чынам сутыкае. Ці маю я права аддаваць Марыі бліжніх? Ці можа нехта іншы аддаць мяне і якое гэта мае значэнне? У сціслым значэнні можна аддаць тое, што маеш. Папа можа аддаць Богу ўвесь Касцёл, таму што Бог даў яму над ім уладу. Кожны кіраўнік мае права аддаць сваіх падуладных. Усялякая ўлада паходзіць ад Бога і тое, што Пан Бог даў, можна аддаць Богу праз Марыю.
Ці магу я, аднак, аддаць людзей, над якімі не маю выразнай улады? Існуюць розныя прычыны, па якіх кожны мае права, а нават абавязак аддаваць іншых. Можа гэта рабіць на падставе прыказання любові да Бога. Я маю права аддаць Марыі бліжніх, каб такім чынам яны навучыліся больш любіць Бога. Трэба гэта рабіць на падставе прыказання любові да бліжняга.
Аддаваць кагосьці з’яўляецца найвялікшым дабром. А таму ў мяне не толькі ёсць права, але і абавязак аддаваць людзей Богу праз Марыю. Можна аддаваць бліжніх, таму што яны належаць Хрысту. Хрыстос мае права на кожнага чалавека. Праз хрост Ён дае нам удзел у Сваіх правах. У мяне ёсць права імкнуцца да таго, каб ніхто не крыўдзіў Хрыста, таму што праз хрост я адзінае цэлае з Ім. У мяне ёсць права імкнуцца да таго, каб кожны любіў Хрыста. Таму ў мяне ёсць права аддаць бліжняга, каб ён не рабіў зла, а быў у поўні Хрыстовы і мой. Я магу гэта рабіць на падставе повязі Містычнага Цела. У мяне ёсць абавязак любіць Містычнае Цела і прагнуць, каб яно было здаровым і развівалася. Таму ў мяне ёсць права кожнага, хто да яго належыць, аддаць Марыі. Мне можна аддаваць бліжніх на падставе добрай любові да самога сябе. У мяне ёсць права на тое, каб мяне ўсе любілі, таму што Бог даў такое прыказанне. Таму я магу іх аддаць, каб мы сустрэліся ў Небе. І тое, што я некага аддаў, не накладае на яго ніводнага новага абавязку акрамя таго, які ў яго ўжо ёсць, але гэта з’яўляецца таксама моцным заступніцтвам і дапамогай для Марыі, каб Яна магла ўдзяліць больш ласкаў.
Ці можна аддаць чалавека, які не хоча, каб яго аддалі? Можна. Самазабойцу трэба ратаваць нават насуперак яго волі. Адданне кагосьці Богу праз Марыю з’яўляецца настолькі вялікім дабром, што ніхто не мае права на гэта пакрыўдзіцца, таму што гэта ні ў якім разе не з’яўляецца крыўдай. З часам чалавек сам гэта зразумее і прызнае, што гэта адданне было для яго ласкай.
Хто аддае бліжняга, адмаўляецца ад сваіх правоў на яго на карысць Маці Божай, а значыцца загадзя згаджаецца на тое, што не будзе гневацца і наракаць, калі гэты бліжні будзе ў адносінах да яго нядобры, несправядлівы, нетактоўны. Ёсць тры ступені аддання бліжняга: адданне яго Марыі ўнутраным актам, ахвяраванне чаго-небудзь у яго інтэнцыі, напрыклад, цярпення, адданне за яго самога сябе, нават гатоўнасць аддаць за яго жыццё. Трэцяя ступень з’яўляецца найвышэйшай, таму што “няма большай любові за тую, калі нехта аддае жыццё сваё за прыяцеляў”. Гэта дасканалае наследаванне Хрыста, найлепшы спосаб перажывання Святой Імшы, падчас якой мы разам з Хрыстом аддаем сябе за ўвесь свет.
Таму аддавай усіх людзей, асабліва тых, з якімі сустракаешся. Вырашаеш нейкае пытанне ў дзяржустанове, аддавай людзей, з якімі табе трэба размаўляць. Чакае цябе сустрэча з кіраўніцтвам, аддавай Марыі сваіх кіраўнікоў. Не думай, аднак, што ўсё павінна быць так, як ты ўяўляеш. Можа менавіта пасля аддання напаткае цябе з боку людзей несправядлівасць. Марыя ведае пра гэта і зробіць так, што табе гэта не пашкодзіць. Аддавай прахожых, спадарожнікаў у аўтобусе і цягніку, аддавай тых, пра каго чуеш па радыё і тэлебачанні, чытаеш у газеце. Аддавай тых, што кахаюць адзін аднаго, і тых, што ўзаемна сябе ненавідзяць. Аддавай веручых і няверучых. Кажы, напрыклад: “Маці, аддаю Табе ўсіх, каго зараз бачу, хто са мной едзе… зрабі так, каб ніхто з іх не быў навечна асуджаны.”
Паколькі ў цябе ёсць права ўсіх аддаваць, Маці Божая кожнаму з іх дасць дзякуючы гэтаму нейкую ласку. Часам убачыш дакладныя і дзіўныя плёны такога аддавання, а часам нічога не заўважыш. Але не губляй надзеі, асабліва тады, калі будзеш некага шмат разоў аддаваць і не ўбачыш ніводнай змены ў лепшы бок. Даверся Марыі. Яна дасць ласку змены на лепшае, калі вырашыць, што прыйшоў час. Убачыш, колькі збаўленых прыйдзе ў Небе падзякаваць табе за тое, што ты аддаў іх у Яе рукі.