Перш за ўсё яно заключаецца ў цалкавітай залежнасці ад Марыі. Пасля акту аддання распачынаецца стан аддання. Цяпер ты ўжо не належыш сабе, цяпер ты належыш Ёй. Ты павінен пачаць практычна з гэтым лічыцца і прыстасаваць да гэтага сваё жыццё і паводзіны. Інакш, адданне будзе пустым абяцаннем і ніяк не зменіць твайго жыцця.
Не бойся залежнасці ад Марыі. Божы Сын зрабіў залежным ад Яе згоды сваё прыйсце ў гэты свет. Цалкам незалежны, Ён праяўляе поўню сваёй вольнасці, аддаючы сябе ў няволю Марыі. Ён дазволіў Ёй занесці сябе да святыні, карміць, клапаціцца, выхоўваць, ахвяраваць на крыжы. На працягу трыццацігадовага ўкрытага жыцця, піша Евангелле, Ён быў аддадзены і падпарадкаваны Юзафу і Марыі. Ад Сваёй Маці Ён узалежніў цуд асвячэння Яна Хрысціцеля і першы цуд перамянення вады ў віно ў самым пачатку сваёй публічнай дзейнасці.
Аддаючы сябе Марыі, ты вырашаешся на гэтую залежнасць. Думку пра цалкавітую залежнасць выражаюць словамі “аддаць сябе ў няволю”. Марыя з гэтай хвіліны валодае цалкавітым правам на цябе. Праўда, ты можаш Ёй перашкаджаць, таму што адданне сябе не парушае волі. Аднак, замест таго, каб перашкаджаць, пачні палка прагнуць яшчэ больш станавіцца ад Яе залежным. Рабі залежнай волю, каб заўсёды прагнуць і дзейнічаць, як Яна. Рабі залежнымі свае думкі, каб заўсёды думаць, як Яна, сэрца, каб заўсёды любіць, як Яна.
У гэтым заключаецца ўзрастанне на шляху аддання. У жыцці натуральным развіццё заключаецца ў тым, каб з кожным разам станавіцца ўсё больш незалежным ад бацькоў і выхавацеляў, а таксама цалкам самадзейным. У жыцці звышнатуральным развіццё заключаецца ў тым, што ты будзеш станавіцца ўсё больш несамадзейным, усё больш залежным ад Марыі і Бога. Дзякуючы гэтаму кожную хвіліну ты будзеш рабіць тое, што хоча Бог, i так, як Яна жадае.