Ужо споўнілася больш за 300 гадоў са дня смерці святога Людвіка дэ Манфора. Ушанаванне Марыі прывяло яго да святасці, можа таксама прывесці і нас. Гэта "Малы Марыйны шлях Манфора", які сам святы называў "Падрыхтоўкай да надыходу Валадарства Езуса Хрыста". Тое, што нам прапануе дэ Манфор, гэта адзін са шляхоў да святасці, які вядзе да Езуса, але праз Марыю. Гэта спосаб, каб лепш жыць у еднасці з Богам. Ён запрашае нас пазнаць Езуса Хрыста, Спрадвечную і Уцелаўлёную Мудрасць.
Ёсць шмат вялікіх святых, якія ўчынілі Акт прысвячэння Езусу праз Марыю, такія, як напрыклад, айцец Максіміліян Марыя Кольбэ, Марта Робэн, заснавальнік "Легіёна Марыі" Фрэнк Дафф, Эдэль Куін, святы Ян Павел II, які быў кананізаваны напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Людвіка дэ Манфора.
Шматлікія касцёльныя рухі выбралі шлях Марыйнай духоўнасці Манфора… Нараджаецца пытанне:
“Тады чаму не я?”
Гэтае Прысвячэнне прызначана для кожнага, хто імкнецца да святасці і шукае больш глыбокай сустрэчы з Хрыстом, але праз Марыю. Таксама для усіх хрысціянаў, для кожнага ахрышчанага, для святароў, асоб кансэкраваных і свецкіх. Яно не выключае іншых асабістых набажэнстваў і вы можаце працягваць іх надалей практыкаваць. На самай справе, Марыйная духоўнасць – гэта аднаўленне абяцанняў святога хросту (я іх аднаўляю, выракаюся сатаны і цалкам аддаюся Езусу… праз рукі Марыі).
Трэба заўважыць, што Прысвячэнне – гэта парада, а не абавязак. Гэта не Божае або касцёльнае прыказанне. Я бяру на сябе абавязак перад Богам, як падчас абяцанняў святога хросту.
Яна складаецца з некалькіх частак. Першыя 12 дзён будуць выкарыстаны на тое, каб ачысціцца ад духа гэтага свету, супярэчнага духу Езуса Хрыста з дапамогай разважання над Божым словам і цытат святых. Потым распачаць тры тыдні, каб напоўніцца Езусам Хрыстом праз Найсвяцейшую Дзеву.
На працягу першага тыдня мы будзем выпрошваць пазнанне саміх сябе і жаль за грахі.
На працягу другога тыдня мы будзем ахвяраваць усе свае малітвы і штодзённыя добрыя справы, каб пазнаць Найсвяцейшую Дзеву. Мы будзем прасіць гэтага ў Духа Святога, молячыся старажытным гімнам "Прыдзі, Стварыцель Дух Святы…"
На працягу трэцяга тыдня мы будем імкнуцца пазнаць Езуса Хрыста.
Штодня ў інтэнцыі прысвячэння трэба ахвяраваць адну частку малітвы Cвятога Ружанца ці прынамсі дзесятак "Вітай, Марыя".
Напрыканцы падрыхтоўкі трэба будзе паспавядацца і прыступіць да Святой Камуніі з інтэнцыяй аддаць сябе Езусу Хрысту ў якасці нявольніка праз рукі Марыі. Прачытаць Акт прысвячэння і падпісаць у той самы дзень. Спампаваць файл для друку можна тут.
Варта прымеркаваць падрыхтоўку да якой-небудзь важнай даты ў літургічным календары, Марыйнага свята.
Ва ўрачысты дзень прысвячэння святы Манфор раіць прынесці якую-небудзь ахвяру Езусу Хрысту і Яго святой Маці. Гэта можа быць пост, грашовая ахвяра (адпаведная магчымасці кожнага), можа нават найменшую рэч, але са шчырым сэрцам.
Кожны год у той самы дзень (па магчымасці) трэба аднаўляць гэтае Прысвячэнне праз 33-дзённую падрыхтоўку.
Мы можам аднаўляць яго таксама кожны дзень вось гэтай кароткай формулай:
"Я увесь Твой, і усё, што я маю, належыць Табе, о мой любы Езу, праз Марыю, Тваю святую Маці".
Трэба заўважыць, што калі асоба вырашаецца прысвяціць сябе Езусу праз Марыю, то гаворка ідзе пра доўгачасовую абавязаннасць. Мы не ведаем, што можа здарыцца, якія цяжкасці прыдзецца пераадолець, але з усёй шчырасцю мы вырашаемся дайсці да святасці, аб якой нас просіць Езус.
Прысвячэнне – гэта вельмі важная для духоўнага ўзрастання справа, кожны можа адчуць перашкоды, супраціў ад злога духа, таму я раю папрасіць блаславенства святара на гэтае малітоўнае практыкаванне, каб трываць у прынятых пастановах і паспяхова ў супакоі прайсці ўсю падрыхтоўку.
Можна загадзя замовіць на святочны 34 дзень святую Імшу ў інтэнцыі ўласнага прысвячэння. Прыйсці да касцёла трошкі раней, каб у цішыні зачытаць пра сябе «Акт прысвячэння сябе Хрысту праз Марыю» і падпісаць яго (імя і дату). Добра, калі ў гэты час у касцеле ёсць адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.
Калі ў парафіі Акт прысвячэння плануе зачытваць у гэты дзень некалькі чалавек, то можна дамовіцца з пробашчам, каб пасля Імшы ўдзяліў вам благаславенне. У парафіі св. Яна Евангеліста гэта адбывалася такім чынам: святар на заканчэнне Імшы запрашаў падысці да алтара тых, хто рыхтаваўся для Прысвячэння. Мы кленчылі і кожны сам пра сябе зачытваў Акт прысвячэння. Калі ў гэты час спявае хор, атрымліваецца вельмі ўзрушваючая атмасфера. Потым мы падпісвалі нашыя Акты і падыходзілі да святара па благаславенства. Пасля Імшы, калі ёсць магчымасць, можна трываць нейкі час у спантаннай малітве, паўтараючы, напрыклад, словы святога Папы Яна Паўла II "Totus Tuus" ("Я увесь Твой, Марыя"), ці што падкажа Дух Святы.
Калі не атрымліваецца ў гэты дзень трапіць на Імшу па прычыне хваробы, то не варта засмучацца – тады прыміце святую Камунію крыху пазней. Можна запаліць дома свечку, урачыста апрануцца, паслухаць трансляцыю Імшы, зачытаць, падпісаць Акт прысвячэння і трываць нейкі час у малітве.
Заахвочваем вас прайсці гэтую падрыхтоўку, бо кожны з вас, хто стане нявольнікам Хрыста праз Найсвяцейшую Панну Марыю, наблізіць трыюмф Яе Беззаганнага Сэрца у нашай краіне!
Каб больш даведацца пра сэнс духоўнасці даручэння сябе Беззаганнай, прачытайце невялікую кніжачку "АБС асабістага аддання сябе Хрысту праз Марыю" у апрацоўцы кс.Марыяна Піянткоўскага ці велічны твор св.Людвіка дэ Манфора "Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі".