Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! У першыя суботы месяца Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для ўсіх, хто прагне прыняць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог паказаў нам у Фаціме. Прашу, адкрый перад намі сваё Сэрца. Асмельваемся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай, а таксама з дзіцячаю адвагаю, таму што хочам наследаваць Цябе у вернасці Богу, таму што хочам жыць любоўю да Твайго Сына, таму што прагнем заўсёды трываць у стане ласкі, і нарэшце, таму, што прагнем ўсё, што толькі можам, ахвяраваць у духу ўміласціўлення за грахі тых людзей, якія зневажаюць і абражаюць Цябе. Дапамажы, каб сэрцы нашыя станавіліся ўсё больш любымі Табе, больш блізкімі Табе, больш падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
…Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. … Cветлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне» (Мц 17, 1–3. 5–6. 8–9).
Толькі трох апосталаў Езус узяў на гару Табор, і толькі яны сталі сведкамі Яго перамянення. Так павінна было стацца, каб тыя, хто павінен быў даваць сведчанне Хрысту, бачылі Яго ў хвале. Але перад светам Езус яе хавае. Увесь народ будзе глядзець на Яго прыніжэнне і пакорнасць на крыжы, а для хвалы выбраныя толькі трое. Здавалася б, што для Тваёй справы, Езу, усё ж патрэбнае было аб’яўленне Тваёй хвалы. Але Божыя шляхі — гэта адно, шляхі людской мудрасці — гэта іншае.
Езу, Ты менавіта на прыніжэнні і пакорнасці будуеш сваю справу, хаваеш сваю веліч і нібы ганарышся сваёю знешняю слабасцю і прыніжэннем. Як далёка я ад такога разумення Тваіх шляхоў! Наколькі для мяне часам важная мая хвала, тое, каб усе бачылі маю дзейнасць, ведалі пра маю працу, вартасці! Як моцна я адмаўляюся ад усяго таго, што магло б хоць цень на мяне кінуць, паказаць мяне ў хоць трохі горшым святле, чым я таго жадаю. Я не зношу, калі мяне хтосьці папракае нават з вока на вока, а што ўжо казаць пра публічнае ганьбаванне. І замест таго, каб ясна сказаць сабе, што гэтая агіда да ўсяго, што хоць крыху прыніжае мяне, з’яўляецца праяваю скрытай пыхі, я апраўдваюся, унушаю сабе, што гэта толькі для дабра справы, для дабра тіншых… Пыха заўсёды знойдзе апраўданні, бо забывае, што Бог будаваў сваю найвышэйшую справу «на пакоры сваёй слугі».
Езу, дай мне такую сціпласць, якая не імкнецца пастаянна праяўляць сваё «я», якая ўмее ўтаймоўваць жаданне паказаць сябе, зацікавіць сабою, усюды крычаць: «Гэта я, гэта я».
Езус у хвале… Яго аблічча святлейшае за сонца, шаты — белыя, як снег, а Апосталы ў захапленні забываюцца пра ўвесь свет. Яны прагнуць аднаго — мець магчымасць застацца тут назаўсёды і больш не вяртацца да жыцця з яго цяжкасцямі і клопатамі.
Езу, як было б цудоўна, калі б я пазнала Цябе, бачыла Цябе ў Тваёй Боскай хвале ў табэрнакулюме! Я таксама сказала б: «Не пакіну больш святыні Тваёй, Пане, застануся з Табою назаўсёды, не турбуючыся пра ўвесь свет, пра тое, што ў ім адбываецца. Жадаю толькі Цябе, Ты — мой адзіны, любы, мой Пан і маё ўсё!
Але Ты, Пане, гэтага не хочаш — часам на хвілінку паказваеш маёй беднай душы праменьчык свайго хараства, але тут жа тушыш яго і зноў клічаш да працы, да дзеяння, да цярпення. Тваё суцяшэнне толькі дае ўмацаванне на далейшае змаганне і святую бітву, гэтак жа, як было з Апосталамі. І я згодная на гэта, Пане! Неба будзе для радасці і адпачынку, а цяперашняе жыццё — для працы і цярпення. Толькі б заўсёды для Цябе — гэтага мне дастаткова…
Езу мой, я буду працаваць, змагацца, цярпець, але ўчыні, каб я не страчвала Цябе з поля зроку, каб я заўсёды ўглядалася ў Цябе — неабавязкова аточанага хвалою, але і паміраючага на крыжы. Каб я бачыла Цябе ў бліжніх, у працы, у радасці і ў цярпенні. Заўсёды Цябе, толькі Цябе.
Тады маё жыццё стане Божым жыццём — светлым і чыстым. Радасць і поспех не ўзвысяць мяне, цярпенне не расчаруе, бо Езус будзе са мною! А з Езусам усё заўсёды і ўсюды будзе добра.
«Гэта сын мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце!» Верная душа ўсюды бачыць Езуса, і ў гэтым яе сіла, яе шчасце. Яна бачыць Яго ў табэрнакулюме, і таму для яе шчасце — кленчыць каля падножжа алтара і вачыма душы ўглядацца ў гэтую цудоўную постаць Езуса, якую яна так добра ведае дзякуючы чытанню Евангелля. Яна бачыць Яго ва ўласным сэрцы, калі раніцаю пасля святой Камуніі адпраўляецца на сваю працу. Езус — у ёй, і яна, звяртаючы позірк душы ў сваё нутро, бачыць там Пана… Яна бачыць Езуса ў радасцях, у задавальненнях, у светлыя хвіліны жыцця, бачыць Езуса ў крыжах і цярпеннях — і паўсюль Яго любіць, паўсюль. Якая гэта цудоўная лучнасць з Богам!
Езу, дай мне дасягнуць умення пастаянна бачыць Цябе, Пане. Малю Цябе аб гэтым…
Няхай маё жыццё будзе адным няспынным актам любові да Цябе, няхай кожны ўдар майго сэрца кажа Табе: «Я Цябе люблю!» Няхай усё ўва мне праслаўляе Цябе. Езу, будзь цалкам маім, поўнасцю маім, а я буду цалкам Тваёю. Дай мне ўсё больш любові, Ты ж ведаеш, што я нічога не ўмею, нічога не змагу без Тваёй ласкі, а я ж хачу любіць Цябе, мой добры Езу. Вазьмі маё сэрца, трымай яго ў сваіх руках і не выпускай.
Езус забараняе, каб гаварылі пра Яго хвалу, пра Яго веліч. Толькі пасля смерці Езуса Апосталам можна будзе гаварыць пра Яго перамяненне: пра бляск Боскай хвалы, які Яго ахінуў…
Кожны любіць гаварыць пра свае вартасці. Гэта робіцца вельмі тонкім спосабам: нібы нічога такога, але каб было зразумела, што гэта я ўмею, гэта магу, гэта зрабіла…
Нашая бедная людская натура так любіць займацца сабою, што гатовая нават гаварыць пра сябе дрэнна, толькі б ніхто не мог забыцца пра яе. А ў гэтым самаабвінавачванні заўсёды тоіцца скрытая надзея, што калі яна сама прыніжае сябе на словах, то ўзамен пачуе пахвалу з вуснаў іншых і ўзвысіцца ў іх уяўленні. Калі хтосьці гаворыць пра сябе дрэнна, у гэтым часта ёсць пэўны фальш. Гэта робіцца для таго, каб дасягнуць цалкам супрацьлеглага выніку. Чалавеку, які абвінавачвае сябе, зусім не падабалася б, калі б яму верылі і тое самае пра яго паўтаралі. Давайце не будзем казаць пра сябе дрэнна, бо часам гэта найгоршы від ганарлівасці і зацікаўленасці сабою.
Давайце не будзем казаць пра сябе добра, хваліцца, не будзем фанабэрыстымі. Калі зробім штосьці добрае, ахвяруйма гэта Богу, няхай гэта будзе толькі для Яго, а не для людзей. Навошта ж мы праз выхвалянне пазбаўляем вартасці нашыя добрыя ўчынкі? Езус жа сам вучыць нас, што левая рука не павінна ведаць таго, што робіць правая. Навошта ж распавядаць пра тое, што павінна быць вядомае толькі аднаму Богу? Навошта ж дзяліць паміж людзьмі тое, што цалкам павінна належаць Богу?
Давайце рупіцца пра непадзельнасць нашай працы, нашых ахвяраў, нашых добрых учынкаў, нашага самапрысвячэння. Усё — цалкам для Бога, а не для людзей. Калі распавядаеш пра гэта, то раздрабляеш цэлае на крышынкі, якія аддаеш людзям, а для Бога ўрэшце нічога не застаецца.
Увогуле як мага менш гавары пра сябе. Не пераймайся тым, што свет пра цябе кажа, няхай табе гэта будзе ўсё роўна, а старайся, калі гэта залежыць ад цябе, праходзіць праз гэты свет так, нібы цябе няма. Будзь як тая кветачка, што адкрывае свой вяночак толькі сонцу, — ты толькі ціхенька жыві для Бога, працуй для Бога, цярпі для Бога, а не для людзей. Навошта нам прызнанне свету, людзей? Яно толькі забірае ў нас заслугі, і нічога болей.
Мой добры Езу, які вялікі жаль мяне ахоплівае, калі я азіраюся на сваё жыццё. Колькі заслугаў я страціла, робячы для людскога вока тое, што павінна была ахвяраваць толькі Богу, і раскрываючы людзям таямніцы, якія павінны былі застацца паміж мною і маім Богам. Калі прыйдзе мой час стаць перад Божым судом, магчыма, усё тое, з чаго людзі здзіўляліся і што хвалілі, акажацца нявартасным, і маім адзіным ратункам будзе якісьці добры ўчынак, якаясьці ахвяра, што я прынесла пакрыёма, у таямніцы перад людзьмі — толькі для аднаго Бога. На шалях справядлівасці найбольш заважаць учынкі, ахвяры, малітвы, якія адрасаваныя толькі аднаму Богу!
Езу мой, аддаю Табе гэтую пастанову, прашу Цябе, паблагаславі яе: не гаварыць пра сябе ні добра, ні дрэнна.
Перамяні нас, Пане! Найсвяцейшая Панна Марыя, маліся за нас!