прайсці гэты этап з пакорай, супакоем сэрца, жаданнем убачыць праўду;
галоўнае не ў тым, каб я ўбачыў сам сябе, а дазволіць, каб Езус і Марыя з любоўю паглядзелі на мяне.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты - найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І ўзмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты ўзмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты - Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Калі хто хоча ісці за Мною… »
«Няхай возьме крыж свой»
34 І, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. 35 Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго. 36 Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю? 37 Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё?
Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Трэба кожны дзень паміраць дзеля саміх сябе»
«Глядзець так, як быццам нічога не бачучы»
«Слухаць так, як быццам нічога не чуючы»
«Кантраляваць свае словы»
«Кантраляваць свае памкненні, усё гэта сапраўдная мудрасць…»
[81] Па-другое, каб вызваліцца ад асабістага “я”, трэба кожны дзень паміраць дзеля саміх сябе. Гэта азначае, што трэба вырачыся памкненняў душы і пачуццяў цела. Трэба глядзець так, як быццам нічога не бачучы, слухаць так, як быццам нічога не чуючы, ужываць рэчы гэтага свету так, як быццам не ўжываючы. Усё гэта святы Павел называе “паміраць кожны дзень” : Quotidie morior! (1 Кар 15, 31) Калі гарчычнае зерне, што ўпадзе ў зямлю, не памрэ, то не прынясе добрага плоду: Nisi granum frumenti cadens in terram mortuum fuerit, ipsum solum manet (Ян 12, 24). Калі мы не паміраем дзеля сябе і калі нашыя самыя святыя пабожныя практыкаванні не вядуць нас да гэтага патрэбнага і плённага памірання, яны будуць непатрэбнымі, і нашая справядлівасць стане забруджанай самалюбствам і нашай асабістай воляй. І тады Богу будуць агіднымі ўсе нашыя нават самыя вялікія ахвяры і ўчынкі. А ў гадзіну нашай смерці нашыя рукі будуць пустымі, без цнотаў і заслугаў, і ў нас не будзе нават іскаркі чыстай любові, якая даецца толькі душам, што памерлі дзеля саміх сябе і чыё жыццё схаванае ў Богу з Езусам Хрыстом.
нам трэба прызнаць, што некаторыя з нашых памкненняў павінны быць ачышчаныя. Гэтага нельга зрабіць без Крыжа. Калі, у якіх сітуацыях свайго жыцця ты сустракаўся з Крыжам? Ты яго прыняў ці адкінуў?
Малітва святога ружанца.