Калі ты задумваешся над вартасцю аддання, тады пачынаеш лепш разумець, у чым яно заключаецца. Аддай сябе Марыі ва ўласнасць, не толькі ў апеку. Шмат людзей жадае, каб Марыя ім служыла. Ты ж аддайся так, каб Марыя ведала, што гэта ты хочаш Ёй служыць. Аддайся дзеля Яе дабра, а не дзеля свайго. Аддай сябе так, каб Яна мела з цябе хвалу і пажытак, а калі гэта магчыма, магла таксама выкарыстаць цябе дзеля большай хвалы Бога і дзеля збаўлення душ. Аддайся Ёй так, як дарыш каму-небудзь кнігу на імяніны. Гэта дае вялікі супакой. Гэта вельмі радыкальна, але ў той жа час гэта выведзе тваю рэлігійнасць з павярхоўнай пабожнасці да паўнаты рэчаіснасці. Аддайся Марыі цалкам. Не кажы, што згаджаешся на ўсё, але на тое ці на тое – не. Гэта было б недахопам даверу. Ты згаджаешся на ўсё, таксама і на тое, чаго больш за ўсё баішся, як, напрыклад, хвароба або калецтва.
Яна лепш ведае, што для цябе добра. Ты перастанеш баяцца такіх рэчаў, як высмейванне, крыўда, цярпенне. Аддайся Ёй беспаваротна.
Адразу скажы Марыі: „Маці, калі б я хацеў калі-небудзь ад Цябе адысці, калі б пачаў бунтавацца супраць таго, што Ты сапраўды ўсё ў мяне забярэш, будзь ласкавай і ўвогуле не звяртай увагі на мае пратэсты." Аддайся Марыі па-сапраўднаму, не толькі словам, але і жыццём. Трэба сапраўды ісці гэтым шляхам крок за крокам.
Марыя вядзе скарочаным шляхам да святасці… Але толькі Яна яго ведае і толькі Ёй Бог даў такую ласку, што Яна можа цябе весці гэтым шляхам. Хутка ты зразумееш, што адданне сябе Марыі, гэта не толькі новая форма пабожнасці, але і новая форма жыцця, якая можа хутка і цалкам змяніць твае паводзіны, якія будуць згодныя з воляй Божай. На гэтым шляху часам трэба будзе зарызыкаваць, калі зразумееш, што Марыя жадае ад цябе нечага больш складанага. Аддайся Ёй з цалкавітым даверам. „У сляпую" (Kс. Прымас Стэфан Вышынскі).
Не жадай, каб Бог выявіў табе свае планы наконт цябе. Не жадай ведаць, дзеля чаго Марыя ў будучыні захоча цябе выкарыстаць. Прасі аднаго: ведаць, што табе трэба рабіць з хвіліны ў хвіліну, а прадбачыць толькі тут і там, дзе ёсць на гэта воля Божая. Аддайся Марыі так, каб быць Яе дзіцём і нявольнікам. Чым больш у сваёй перакананасці ты будзеш маленькім, тым больш дасканала будзеш Ёй падпарадкаваны.
Узрастанне на дзіцячым шляху заключаецца ў тым, каб станавіцца ўсё больш маленькім і яшчэ больш залежным – Нявольнікам. Гэтым словам ты выразіш Ёй сваю пакору і бескарыслівасць. У нявольніка няма ніякіх правоў. Яго можна выкарыстаць любым чынам. Марыя не павінна нават выслухоўваць яго просьбы. Можа нават яго знішчыць…. калі б гэта было патрэбна дзеля хвалы Божай і збаўлення душ.
Гэта найвышэйшы ўзровень аддання сябе Богу і адначасова найвышэйшы ўзровень любові. Гэта дасць табе вольнасць. Чым больш ты будзеш залежным ад Яго, тым больш будзеш вольным. Вольны ад страху, таму што Бог нічога не баіцца і ўсё можа. Вольны ад смутку, бо Бог з’яўляецца радасцю. Вольны ад хлусні, бо Бог – гэта праўда. Вольны перш за ўсё ад граху, таму што Бог – гэта святасць. Пры кожным з гэтых прыметнікаў задумайся, ці сапраўды хочаш так аддаць сябе Марыі.
Калі так, то скажы Ёй гэта радасна і пакорна.