зразумець, што ў гэтым свеце не адпавядае духу Езуса Хрыста;
распазнаць, якія ўва мне ёсць азнакі духа гэтага свету;
з пакорай прасіць Езуса і Марыю дапамагчы мне ад іх пазбавіцца.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты - найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І ўзмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты ўзмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты - Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Не шукаць адгаворак!»
«Прыйдзіце, убогія, сляпыя, кульгавыя…»
«Пан запрашае нас кожнага дня… »
16 А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. 17 І калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”. 18 І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”. 19 Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”. 20 Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”. 21 Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”. 22 І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”. 23 Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой. 24 Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Мудры гэтага свету»
* «Усё павярнуць на карысць сабе»
* «Ён хоча, каб яго лічылі сумленным чалавекам»
* «Ён асуджае пабожныя практыкаванні»
* «Ён не клапоціцца аб тым, каб падабацца Богу, а шукае прыемнасці дзеля сябе»
76. Мудры гэтага свету з’яўляецца чалавекам, які ўмее добра кіраваць сваімі справамі і ўсё павярнуць на карысць сабе, хоць з першага погляду яго гэта зусім не цікавіць; ён валодае майстэрствам хутка змяніцца і вельмі ўмела падмануць так, што ніхто гэтага не заўважыць; ён кажа адно, а робіць зусім іншае; яму ўласцівыя манеры і паводзіны гэтага свету; ён можа добра прыстасавацца да кожнага, каб дасягнуць сваёй мэты, не вельмі клапоцячыся пра Божыя справы; ён імкнецца ўстанавіць укрытую, але вельмі небяспечную згоду праўды з хлуснёй, цноты з грахом, Езуса Хрыста з дэманам; ён хоча, каб яго лічылі сумленным чалавекам, але не пабожным; ён пагарджае, атручвае і лёгка асуджае ўсе пабожныя практыкаванні, якія не дастасоўваюцца да яго ўласных практыкаванняў. Нарэшце, мудры гэтага свету – гэта чалавек, які кіруючыся толькі святлом развагі і людскога розуму, імкнецца толькі зрабіць выгляд хрысціяніна і сумленнага чалавека, не вельмі клапоцячыся аб тым, каб падабацца Богу і пакутваць за грахі, якія ён учыніў супраць Божай Велічы.
Якія адгаворкі я найчасцей ужываю, каб не ісці за Езусам Хрыстом?
Малітва святога ружанца.