Адкрыць у сабе і адмовіцца ад мыслення і паводзінаў, нязгодных з Евангеллем, вырачыся духа гэтага свету. На працягу гэтых дзён асаблівым чынам змагаемся з нашым самалюбствам, стараемся быць добрымі да кожнага чалавека.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты - найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І ўзмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты ўзмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты - Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Гэты свет цэніць людзей упэўненых у сабе, якія могуць выкруціцца з кожнага клопату, не выбіраючы сродкаў, якія могуць падманваць, спрытна выйсці з кожнай непрыемнай сітуацыі, якія ўсяму, што робяць, надаюць прыгожы выгляд і ўмела затушоўваюць свае памылкі і промахі.
b) Хрыстос не меў такога мыслення. Ён змагаўся з хлуснёй фарысеяў. Казаў так: "Будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы" (Мц 10,16). Ён хацеў, каб Яго вучні ставаліся падобнымі да малых дзяцей, чыстых і простых, без падману.
c) А што я ў сабе цаню? – праўдзівасць ці хітрасць, якая забяспечвае мне часовы поспех? Ці ў глыбіні сэрца я не адчуваю зайздрасці да тых, каму гэта ўдаецца? Ці я не захапляюся гэтымі людзьмі? Што я выбіраю: цалкавітае паражэнне ці найкаштоўнейшую хлусню? Ці згаджаюся на прыніжэнне, каб толькі не хлусіць? Ці імкнуся быць праўдзівым у глыбіні свайго сэрца, у сваім мысленні? Ці можна мне давяраць, верыць таму, што я раблю, што гавару?
d) Беззаганная Маці, праўдзівасць Тваёй душы захапляе Бога. Удзялі мне ласку, каб маё сэрца было, як сэрца дзіцяці: чыстае і праўдзівае.
Мц 6, 14-34: "Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых. Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё. Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра! Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
1. На двух крыллях лунае чалавек над зямлёю – на прастадушнасці і чыстасці. Прастадушнасць павінна быць у намерах, чыстасць у пачуццях. Прастадушнасць імкнецца да Бога, чыстасць находзіць Яго і цешыцца. Ніякая справа ня будзе цяжкою, калі будзеш свабодным у душы ад грэшных нахілаў. Калі нічога іншага ня будзеш старацца шукаць, як волі Божай і карысці бліжняга, унутранай свабоды дазнаеш пад дастаткам. Калі б сэрца тваё было простае – тады ўсенькія стварэнні былі б табе люстрам жыцця і кнігаю святое навукі. Няма стварэння такога маленькага і марнага, якое не выказвала б дабраты Бога.
2. Калі б ты ў душы быў добры і чысты, тады добра ўсё без перашкод бачыў бы і разумеў. Чыстае сэрца прабівае неба і пекла. Якім хто ёсць у душы, так судзіць і аб вонкавым. Калі ёсць на свеце радасць якая, дык мае яе чалавек чыстага сэрца. І калі дзе ёсць турбота і злыбеда, дык найлепш ведае гэта благое сумленне. Як пакладзенае ў вагонь жалеза губляе іржу і чыстым робіцца, – гэтак і чалавек, калі сэрцам да Бога звернецца – губляе сваю недалужнасць[1] і становіцца новым чалавекам.
[1] слабасць, кволасць, хісткасць. У перакладзе К.П Пабеданосцавай - ляноту.ў наступных інтэнцыях:
зразумець, што ў гэтым свеце не адпавядае духу Езуса Хрыста;
распазнаць, якія ўва мне ёсць азнакі духа гэтага свету;
з пакорай прасіць Езуса і Марыю дапамагчы мне ад іх пазбавіцца.