Усе жыццёвыя сітуацыі можна падзяліць на дзве групы: такія, калі мы ведаем, чаго жадае Бог, і такія, калі Яго воля невядомая.
Кожная з іх патрабуе рознага захавання. Тады, калі ведаеш, якая воля Божая, ты павінен яе дакладна выканаць. Але выканаць яе, аддаючы сябе і дадзеную справу Марыі.
Аддаванне сябе і ўсяго Марыі з’яўляецца галоўным актам на шляху аддання. Трэба стала і як мага часцей аддаваць Марыі сябе, людзей, справы. Чым больш ты будзеш аддаваць, тым больш будзеш Яе начыннем. Такім чынам ты сапраўды знаходзішся пад Яе кіраўніцтвам, аддаеш у Яе рукі, далучаешся да Яе настрою, каб Яна магла дзейнічаць праз цябе.
Трэба аддаваць Марыі сябе, асабліва тады, калі табе трэба нешта выканаць. Спачатку трэба вырачыся сябе, бо ты можаш усё Ёй сапсаваць. Скажы Ёй: «Маці, я выракаюся сябе і цалкам аддаюся Табе». Вырачэнне сябе вельмі патрэбна, бо інакш адданне будзе прытворнасцю, і ў рэчаіснасці ты будзеш рабіць тое, што ты хочаш, а не Яна. Табе сапраўды трэба сказаць: «Маці, я не хачу зараз рабіць тое, што я лічу патрэбным, ані так, як мне здаецца, не хачу паддавацца маёй схільнасці да дзейнасці, бо ведаю, што часта магу Табе перашкаджаць. Калі б я дзейнічаў сам, можа б вельмі напрацаваўся, быў бы заклапочаны, стомлены, але плёнаў было б няшмат».
Потым скажы:
"Маці, аддаю Табе мой розум, каб Ты дала мне святло”. Убачыш, што не аднойчы прыйдуць табе на думку мудрыя разважанні і словы, якіх бы ты сам ніколі не выдумаў.
"Маці, аддаю Табе маю волю». Пераканаешся, што можаш жадаць такіх рэчаў, якіх ты сам ніколі не захацеў бы зрабіць, напрыклад, папрасіць прабачэння, прабачыць і г.д.
«Маці, аддаю Табе маё сэрца". Яна напоўніць цябе дабразычлівасцю да тых, хто табе не падабаецца, ахвотна возьмешся за заданні, якіх да гэтага пазбягаў.
«Маці, аддаю Табе маё цела і ўсё, што я маю». Яна зробіць так, што часта адзін твой выгляд падштурхне бліжніх да добрага.
Аддавай сябе не толькі тады, калі распачынаеш малітву, але шмат разоў: дзесяткі і сотні на працягу дня, падчас звычайных абавязкаў, такіх як прыбіранне дому, пранне, шыццё, праца пры варштаце, робячы зарыс, пішучы навуковую працу ці працуючы на раллі.
Можаш гэта рабіць кароткім заклікам, або простым духоўным позіркам на Марыю: «Маці, аддаю гэта Табе», «Маці, пакіруй мной», «Вазьмі мяне зараз у свае рукі».
Аддавай сябе таксама тады, калі робіш нешта, што ў цябе добра атрымліваецца. Не думай, што тады табе не патрэбная дапамога і кіраўніцтва. Убачыш, як Яна выведзе цябе з набітых шаблонаў і рутыны, як навучыць цябе яшчэ лепш рабіць тое, што, як ты быў перакананы, робіш лепш за ўсё. Часта гэта пазбавіць цябе клопатаў і страты часу. Ты будзеш лепш працаваць, плённей маліцца, ахвотней рабіць людзям дабро.
Аддавай Марыі свой час, здароўе, здольнасці, жыццё. Аддавай розум, калі даведаешся, што трэба вучыцца, і вусны, калі будзеш нешта казаць. Вочы, калі Марыя дазволіць табе глядзець, і рукі, калі Яна захоча, каб ты працаваў. І так рабі з гадзіны ў гадзіну, і будзь спакойны, нават калі б табе здавалася, што Яна дрэнна табой кіруе. Яна добра ведае, што для цябе лепш. Такім чынам, дзякуючы Яе дапамозе, ты навучышся падпарадкоўвацца Святому Духу.
Старанна над гэтым паразважай і папрасі Марыю, каб Яна сама ўсё табе растлумачыла.