Падобным чынам аддавай Марыі кожную справу і рэч. Аддавай Ёй установы і месцы працы. Такое аддаванне прывядзе Марыю паўсюль. Яна там будзе. Будзе кіраваць, весці, возьме адказнасць настолькі, наколькі Ёй дазволяць, наколькі Яе будуць аб гэтым прасіць.
Аддавай святыні і месцы Божага культу. Аддавай усе касцёльныя ўстановы, каб паўсюль пашыралася чыстая хвала Божая. Аддавай школы і навучальныя ўстановы, каб у іх вучылі праўдзе і выхоўвалі шляхетных людзей. Аддавай дзяржаўныя ўстановы, розныя арганізацыі, гаспадарчыя ўстановы, аддавай міжнародныя канферэнцыі, палітычныя нарады, эканамічныя планы, каб усё служыла Богу і дабру людзей. Аддавай людскія клопаты і няшчасці. Падчас катаклізмаў і катастрофаў кажы: “О Маці, дапамажы, суцеш, уратуй…!” Аддавай кожную тваю малітву, кожную Святую Імшу, каб праз гэта выканаць тое, чаго чакае Бог.
Сябе, людзей, справы – усё бяры ў рукі і сэрца і нясі аддавай Марыі. Проста пакажы Ёй, прадстаў, Яна будзе ведаць, што рабіць, бо Яна твая Маці. Яна і сама пра ўсё ведае, але тваё адданне таксама патрэбна. Бог пакіраваў так, што тваё аддаванне дасць Ёй магчымасць удзялення большай колькасці ласкаў. Чым больш ты будзеш адданым, тым больш Яна зможа зрабіць. Таму ты вельмі патрэбны Марыі.
Аддаванне сябе, людзей, справаў і рэчаў павінна быць на шляху аддання рытмам жыцця, дыханнем душы, патрэбай сэрца.