Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! У першыя суботы месяца Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для ўсіх, хто прагне прыняць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог паказаў нам у Фаціме. Прашу, адкрый перад намі сваё Сэрца. Асмельваемся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай, а таксама з дзіцячаю адвагаю, таму што хочам наследаваць Цябе у вернасці Богу, таму што хочам жыць любоўю да Твайго Сына, таму што прагнем заўсёды трываць у стане ласкі, і нарэшце, таму, што прагнем ўсё, што толькі можам, ахвяраваць у духу ўміласціўлення за грахі тых людзей, якія зневажаюць і абражаюць Цябе. Дапамажы, каб сэрцы нашыя станавіліся ўсё больш любымі Табе, больш блізкімі Табе, больш падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота. Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: «Езус Назаранін, кароль Юдэйскі» (Ян 19, 17–19).
У муцы Хрыста мы раз-пораз вяртаемся да прыкладу бязмежнага прыніжэння... Таму я прыгляджуся да Цябе, о Езу, які пажадаў, каб Яго прынялі за злачынцу і пакаралі разам са злачынцамі. Цябе прызнаў бязгрэшным, невінаватым нават суддзя, які асудзіў Цябе на смерць. Ты знаходзішся сярод злачынцаў і нібы з’яўляешся адным з іх, але не супраціўляешся гэтаму, не абараняешся! Езу, які ж гэта дакор для маёй пыхі, майго грэбавання іншымі, майго жадання ўзвысіцца.
Наколькі ж я павінна быць асцярожнаю, каб ніколі нікому не даць адчуць сваёй вышэйшасці ані з пункту погляду розуму, здольнасцяў, ані з пункту погляду паходжання ці маёмасці. Ніколі, ніколі! Я хачу заўсёды мець перад вачыма прыклад Езуса і гэтак жа, як Ён, ставіць сябе нароўні з найменшымі.
Пан Езус сказаў нам, што «той, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны», — чаму я пра гэта не памятаю? Чаму не зразумела з прыкладу Езуса, што чым меншая я тут, тым большая там? Езу, дай мне разуменне праўдзівай пакоры!
Добрая воля радуецца дабрыні Пана, дзякуе і аддае Яму хвалу, а злая воля паўсюль адштурхоўвае дабро, бачыць зло і нават цноты закладвае ў падмурак зла. І калі злая воля нават Боскую дзейнасць Езуса змагла абвінаваціць і паказаць у дрэнным святле, што ж дзіўнага, калі яна ўмее паказаць у дрэнным святле добрыя ўчынкі і людскую высакароднасць, а з-за зайздрасці — ачарніць? Калі вока нячыстае, то яно ўсё бачыць у панурых фарбах і нават цноту апранае ў чорныя шаты зла.
Давайце сцерагчыся гэтага злога вока, вучыцца глядзець на ўсё светлым позіркам любові, дабро без зайздрасці называць дабром, і нават для таго, што з’яўляецца злом, мець спагадлівы позірк, здольны адрозніць учынак — можа, нават дрэнны, — ад інтэнцыі, якой не ведаем, якая можа быць легкадумнаю, бяздумнаю, але не дрэннаю. Давайце навучымся ўслед за Езусам казаць: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць!»
Марыя, я хачу наследаваць Цябе, таму буду далей разважаць над тымі момантамі Твайго жыцця, якія для мяне з’яўляюцца асаблівым прыкладам і дапамагаюць у пераадоленні маіх дрэнных схільнасцяў. Ты для мяне —прыклад, ясная Зорка, якая заўсёды і ўсюды асвятляе шлях майго жыцця і вучыць мяне, як я павінна паступаць у розныя хвіліны сваёй зямной пілігрымкі.
Калі цёмныя хмары сумнення заслоняць маю веру, калі ўсё будзе здавацца мне такім незразумелым, такім заблытаным, і я са страхам буду глядзець на сваю пахіснутую веру, тады я паспяшаюся да падножжа крыжа. Там стаіць Маці Езуса, Яе Сын памірае як злачынца, а Яна моцна і непахісна верыць у Яго Боскую місію. Марыя, вучы мяне верыць моцна і нязломна. А калі роспач спрабуе праслізнуць у маё сэрца, тады я хачу ўглядацца ў Балесную Маці, якая трымае на каленях мёртвае цела свайго Боскага Сына… Маці, на мяне таксама часам нахлынаюць хвалі сумнення, выпрасі для мяне моцнае спадзяванне на апеку добрага Бога і Айца, які ніколі мяне не пакіне.
Калі маё сэрца часам халоднае і абыякавае, калі мне здаецца, што я не ўмею любіць, тады буду ў думках спадарожнічаць Найсвяцейшай Маці, якая шукае Езуса ў святыні. Яна ж цяжка церпіць без Езуса, але шукае, пакутліва шукае і не перастае шукаць. Маці, навучы мяне шукаць Езуса ў малітве — нават пакутлівай, нават калі душа вельмі чэрствая — і вытрываць у ёй.
Калі маё сэрца будзе мучыцца ад спакусы непрыязнасці да іншых, ад спакусы антыпатыі, тады я хачу ўзгадаць пра дабрыню Твайго Сэрца, Маці, якая выпрасіла першы цуд у Кане Галілейскай. Наколькі вялікая дабрыня Марыі, якая да ўсіх, хто знаходзіцца ў патрэбе, хоча прыходзіць з дапамогаю! Навучы мяне, Маці, быць добраю, бязмежна добраю да іншых, заўсёды гатоваю да ахвярнасці, каб палегчыць іншым жыццё.
Калі пыха, фанабэрыя, ганарлівасць праслізнуць у маё сэрца, тады Ты, Маці, найпакорнейшая Слуга Пана, стань у мяне перад вачыма і ўлі ў маё сэрца жаданне быць невядомаю, нікчэмнаю, мізэрнаю, вельмі мізэрнаю, як той чарвячок, які поўзае па дарозе і якога дзіцячая нага топча без асцярогі!
Патрэбная адвага, каб стаяць каля Пана, каля Укрыжаванага! Ці не заахвоціць нас аблічча ўкрыжаванага Езуса да мужнасці? Ён з такою адвагаю ідзе насустрач цярпенню, на смерць — і гэта дзеля мяне… Дык ці магу я быць баязліўкаю, палохаючыся страты зямных дабротаў, страты людскога сяброўства, страты добрага імя — больш, чым страты Езуса?
Мужнасць — гэта цудоўная кветка любові — любові, якая разумее, што самы праўдзівы свой доказ яна дасць тады, калі будзе зносіць боль і цярпенні дзеля таго, каго любіць. Любоў, якая не ўмее мужна, адважна, радасна цярпець дзеля любімага, любоў без мужнасці любові — гэта не любоў!
Уяўныя крыжы не толькі не дапамагаюць у імкненні да святасці, але часта з’яўляюцца вялікаю перашкодаю на шляху да Бога, робяць душу не лепшаю, а горшаю, бо вядуць да эгаізму, да чуллівасці адносна самой сябе і бессардэчнасці да іншых. Давайце сцерагчыся ўяўных крыжоў, высечаных самалюбствам, зайздрасцю і амбітнасцю.
Уяўлю сабе гэтую святую хвіліну ўкрыжавання Пана Езуса… Бог-Чалавек вісіць высока, па-над натоўпам, які стаіць на вяршыні Галготы… Бо ўсе павінны былі бачыць гэты крыж, які для ўсіх павінен быў стаць знакам збаўлення, сімвалам супакою, задаткам шчасця.
Езу мой, я таксама ў думках пераношуся на Галготу. Углядаючыся ў Твой крыж, хачу ўсклікаць: «Вітай, святы крыжу, мая адзіная надзея, вітай! Ты ўзняты па-над гэтаю зямлёю, каб стаць для маёй душы прытулкам, у які яна можа ўздымацца над зямным брудам. Зямля мяне не задавольвае, мне на ёй нядобра, у неба я трапіць яшчэ не магу, таму дзе ж я знайду месца свайго спачынку? Паміж небам і зямлёю ёсць адзіны аазіс, месца, дзе стомленая галава можа знайсці апору, стомленая душа — свой спачынак, дзе стомленае сэрца знойдзе Сэрца, якое так горача любіць, — і гэтым месцам з’яўляецца крыж, на якім вісіць Хрыстус.
«Здзейснілася!» Колькі сэнсу ўтрымлівае ў сабе гэтае кароценькае слова. У ім змяшчаецца ўсё жыццё Езуса. Усё, што павінен быў споўніць па волі Нябеснага Айца, Ён споўніў да найменшай дробязі, хоць і ў самых страшных цярпеннях. Выканаў усё, нічога не пакідаючы, ні ў чым сабе не патураючы.
«Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?» Вось мяжа пакутаў. Цярпець, калі адчуваеш блізкасць Бога, цярпець, калі можна пакласці стомленую галаву на Боскае Сэрца, — гэта яшчэ шчасце і радасць, але цярпець з пачуццём, што Бог нас пакінуў, — вось гэта бездань цярпення. А Ты, о Езу, можа, менавіта гэтаю страшнаю пакінутасцю з боку Бога сярод самых жахлівых мук укрыжавання выслужыў для нас ласку Эўхарыстыі, ласку няспыннага прабывання побач з намі, сярод нас, у гэтай малой, белай Гостыі, пад постаццю якой Ты ўкрыўся? Ты пакінуты Богам для таго, каб я заўсёды магла быць каля табэрнакулюма, у якім Ты жывеш днём і ноччу, і каб я ніколі не адчувала той страшнай пакінутасці, якая заключаецца ў словах: «я — адна». Я заўсёды магу прыйсці да Твайго алтара, дзе я ўжо не адна, і заўсёды магу яднацца з Табою ў святой Камуніі.
Дзякуй Табе, Езу ўкрыжаваны, за гэтую Тваю пакінутасць. Дзякуючы Ёй Ты здабыў для мяне ласку — Ты ніколі мяне не пакінеш у Сакрамэнце Любові.