На працягу 33 дзён будуць пададзеныя тэксты, каб дапамагчы ў разважаннях і малітве паводле метаду Lectio divina (чытаць і разважаць над ключавымі словамі або важнымі фразамі). Кожны можа іх камплектаваць згодна са сваім становішчам, паводле свайго густу, а таксама часам, які ён можа прысвяціць малітве кожнага дня. Большасць спасылак падрыхтаваная такім чынам, каб пазбегнуць няўважлівасці ў малітве.
Самавыхаваўчая праца першых дванаццаці дзён заключаецца ў тым, каб адкрыць у сабе і адмовіцца ад мыслення і паводзінаў, нязгодных з Евангеллем. Прынцыпы, якія пярэчаць Евангеллю, не вучаць граху адкрыта, але адносяцца да яго як да нечага абыякавага і не маючага ніякіх наступстваў. На працягу гэтых дзён асаблівым чынам змагаемся з нашым самалюбствам, стараемся быць добрымі да кожнага чалавека.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты - найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І ўзмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты ўзмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты - Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Мысленне і паводзіны, якія вельмі адрозніваюцца ад евангельскага духа любові, Святое Пісанне называе “мудрасцю свету”.
b) Каб пазнаць мудрасць Бога, думку Божую ў сутнасці і вартасці нашага жыцця, трэба добра пазнаць Евангелле. У ім Хрыстос прамаўляе да нас і дзейнічае для нас. Словамі і прыкладамі жыцця вучыць нас, выхоўвае і вядзе.
c) Ці ёсць у мяне Евангелле? Ці часта я яго чытаю? Ці чытаю з верай і любоўю, з прагненнем пазнаць Езуса? З прагненнем зачэрпнуць парады для фармавання майго жыцця на Яго падабенства?
d) Марыя, Маці мая, навучы мяне чытаць і перажываць Евангелле з такім настроем, з якім Ты перажывала кожную хвіліну жыцця Твайго Сына. Дай мне моц стаць падобным, як Ты, да Езуса Хрыста.
Ян 6, 69: "Мы паверылі і спазналі, што Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”.
1. Шчаслівы, каго вучыць сама Праўда, не знакамі і не словамі, што мінаюць, а так, як ёсць, сама праз сябе. Нашая думка і нашае пачуццё часта нас падманваюць і мала бачаць. Пашто хітрыя доследы ад таемных і незразумелых рэчах, калі нас ня будуць вінаваціць на судзе за тое, што ня ведалі? Дужа нямудра, што закінуўшы карыснае і неабходнае, ганяемся за цікаўным і шкодным; вочы маем ды ня бачым.
2. Што нам да ўсялякіх родаў і гатункаў? Да каго прамаўляе вечнае Слова, той вольны ад многіх размыслаў. З аднаго Слова ўсё і адно кажа: “З гэтага ёсць Пачатак, што і да нас гаворыць” (Ян 8, 25).
Без яго ніхто добра ані разумее, ані асудзіць, як трэба. Каму ўжо ёсць у вадным і хто ўсё да аднаго зводзіць і ўсё ў вадным бачыць – той не зварухнецца ў сэрцы і спакойна будзе прабываць у Богу.
О Боская Праўда! Дазволь, няхай я буду адно з Табою ў вечнай любові. Прыкра мне часта многа чытаць і слухаць, бо ў Табе ўсё, чаго хачу і пажадаю. Няхай замаўчаць усе творы перад воблікам Тваім – Ты адзін гавары да мяне”
3. Чым болей мае хто ў сабе еднасці і духова прасцейшы, тым большыя і вышэйшыя рэчы лёгка зразумее, бо святло зразумення з гары атрымае. Чысты, просты і сталы дух не расцярушваецца сярод многіх спраў, бо ўсё робіць дзеля хвалы Боскае і стараецца быць спакойным і вольным ад усякага асабістага клопату.
Бо што ж найбольш цябе спыньвае і муча, як не надмернае пажаданне твайго сэрца? Добры ды пабожны чалавек пачаткова ў самым сабе размяркуе тыя справы, якія рабіць збіраецца.
І не пацягнуць яны яго да пажаданняў нягоднага нахілу, але датарнуе ён іх да суду свайго здаровага розуму. І чыя ж барацьба цяжэйшая, як не таго, хто імкнецца перамагчы самога сябе! І гэта павінна быць нашым жаданнем: змагацца з самым сабой, кожны дзень рабіцца дужэйшым над сабою і хоць крыху стацца лепшым.
4. Усякая дасканаласць у гэтым жыцці мае ў сабе якуюсь недасканаласць і таму ўсе доследы нашыя не абходзяцца бяз цені. Пакорная свядомасць сябе - больш пэўны шлях да Бога, чым найглыбейшыя доследы навуковыя. Ня трэба ганіць ані навукі, ані якога-небудзь звычайнага пазнання аб рэчах, якія самі па сабе ёсць добрыя, бо яны ад Бога, аднак лепш заўсёды – чыстае сумленне ды цнотнае жыццё. Таму, аднак, што многія імкнуцца больш ведаць, як добра жыць – часта блудзяць і мала або зусім не прыносяць карысці.
5. О, каб людзі столькі ўжывалі стараннасці дзеля выкарэньвання дрэнных звычак і гадавання цнотаў, сколькі яе ўжываюць дзеля зусім пустых пытанняў, - не было б столькі зла і згаршэння ў народзе і такой расслабленасці ў дамох законных. Бо сапраўды, калі прыйдзе судны дзень, ня будуць пытацца, як добра мы казалі, але ці пабожна жылі.
Скажы мне – дзе цяпер усе тыя валадары і вучоныя, якіх ты добра знаў, калі яны жылі і квітнелі ў навуках? Ужо іхнія месцы займаюць іншыя і ня ведаю, ці хто падумае аб іх. Калі жылі, дык выглядала, што яны нешта значаць, а цяпер маўчаць ужо аб іх.
6. О, як хутка мінае слава свету! Калі б іхняе жыццё было дастасавана да іх мудрасці, тады іх труды і навукі былі б ім карысныя. Як многа гіне дзеля пустой навукі на свеце, калі мала стараюцца аб службе Богу! І таму, што больш жадаюць быць вялікімі, чымся пакорнымі – “расцярушваюцца ў думках сваіх” (Рым 1, 21).
Сапраўды вялікі, хто мае любоў вялікую. Сапраўды вялікі, хто сябе малым лічыць, а ўсю славу свету за нішто мае. Сапраўды разумны, хто ўсё “прыземнае за смецце ўважае, каб выслужыць сабе Хрыста” (Флп 3, 8).
А сапраўды вучоны, хто спаўняе волю Бога, а сваёй волі выракаецца.
ў наступных інтэнцыях:
зразумець, што ў гэтым свеце не адпавядае духу Езуса Хрыста;
распазнаць, якія ўва мне ёсць азнакі духа гэтага свету;
з пакорай прасіць Езуса і Марыю дапамагчы мне ад іх пазбавіцца.