прайсці гэты этап з пакорай, супакоем сэрца, жаданнем убачыць праўду;
галоўнае не ў тым, каб я ўбачыў сам сябе, а дазволіць, каб Езус і Марыя з любоўю паглядзелі на мяне.
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты - найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І ўзмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты ўзмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты - Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе»
«Хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны»
«Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага»
«Быць, як малое дзіця»
9 Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: 10 «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. 11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. 12 Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. 13 А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. 14 Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Ключавыя словы і фразы для разважання
«Я нягодны»
«Нам патрэбная Марыя, Яго святая Маці»
«Пасрэдніца перад Ім, нашым Пасрэднікам»
[36] 2) Ісці да Езуса праз Марыю - гэта сапраўднае ўшанаванне Езуса Хрыста, бо такім чынам мы падкрэсліваем, што нягодныя самастойна наблізіцца да Яго бясконцай святасці па прычыне нашых грахоў, і нам патрэбная Марыя, Яго святая Маці, каб быць нашай заступніцай і пасрэдніцай перад Ім, нашым Пасрэднікам. Гэта адначасова наблізіцца да Яго як да нашага пасрэдніка і брата і ўпакорыцца перад Ім як перад нашым Богам і суддзёй - адным словам, гэта азначае практыкаваць пакору, якая заўсёды захапляе Сэрца Бога.
вызнач галоўную цноту, якая будзе весці цябе ў духоўным жыцці.
Малітва святога ружанца.