Які другі галоўны акт жыцця на шляху аддання?
Калі ты ведаеш, чаго Бог у дадзены момант ад цябе жадае, аддай сябе, бліжніх, справы і рэчы Марыі і імкніся Яго волю выканаць. Але што рабіць, калі не ведаеш, якая воля Божая? У Маці Божай на кожную хвіліну ёсць для цябе найлепшы занятак: часам праца і цярпенне, часам адпачынак і забава. Не заўсёды тое, што для цябе аб’ектыўна лепшае, з’яўляецца воляй Божай. Трэба даведацца, чаго жадае Марыя.
Людзі прыдумваюць для гэтага розныя спосабы. Адны задумваюцца, што цяпер было б для Бога самым прыемным. Другія чытаюць Евангелле, каб даведацца, што пра гэта кажа Езус, або што зрабіў бы ў падобным выпадку. Іншыя пытаюцца, што зрабіла б Марыя, калі была б на іх месцы. Гэта самы просты спосаб і хіба самы лепшы. Хто аддаў сябе Марыі, мае права запытаць: “Маці, што мне зараз трэба рабіць?”, “Ці можна мне туды пайсці, тое купіць, на гэта паглядзець, пра тое падумаць?”
Гэта самае простае і адпавядае духу дзяцінства. Езус сказаў: “Прасіце і будзе вам дадзена” (пар. Мц 7,7); “Айцец нябесны дасць Духа Святога тым, хто Яго просіць” (пар. Лк 2,13); “Дух Святы, якога Айцец пашле ў Маё імя, навучыць вас усяму” (пар. Ян 14,26).
Увесь час пытацца і прасіць дазволу і згоды, парады і святла, заўсёды, калі не ведаеш, што выбраць, з’яўляецца нармальным наступствам аддання сябе ва ўласнасць. Цяпер табе трэба пытацца, ці можна табе глядзець, казаць і што казаць, бо твае вочы і вусны гэта ўжо Яе ўласнасць. Гэта не перабольшванне. Спрадвеку святыя нас вучаць, што перад кожным учынкам трэба падумаць, ці згодны ён з воляй Божай, і што ўва ўсім трэба шукаць волі Божай. Пытацца пра ўсё ў Марыі гэта толькі практыкаванне дадзенага прынцыпу на шляху аддання сябе Маці Божай. Тут у цябе ёсць карысць з таго, што ты шукаеш волі Божай не сам, а просіш Марыю, каб Яна табе яе паказала. З часам у цябе ўжо не будзе патрэбы пытаць словамі. Табе будзе досыць духоўнага погляду ў Яе вочы, і ты ўжо будзеш ведаць ці так рабіць, ці інакш.
Не чакай пасля таго, як спытаешся, розных тлумачэнняў, візій, надзвычайных галасоў. У Марыі ёсць вельмі шмат звычайных спосабаў паказаць табе, якая на дадзены момант воля Божая. Езус сказаў у Садзе Аліўным: “Чувайце і маліцеся” (Мц 26; 41). Хто пытае Марыю аб волі Божай, той моліцца. Цяпер трэба чуваць і чакаць Яе адказу. Трэба быць вельмі ўражлівым. Адказ часта прыходзіць неспадзяваным шляхам, з’яўляецца вельмі далікатна. Хто не навучыцца чуваць, той яго не заўважыць.
Якімі шляхамі найчасцей прыходзіць адказ Марыі?
Часам Найсвяцейшая Панна Марыя нагадае табе Божае прыказанне, параду Пана Езуса з Евангелля або нейкі абавязак, пра які ты забыўся. Часта адказ прыходзіць ад настаяцеляў, якія скажуць нешта зрабіць. Часам Марыя дасылае да нас людзей з просьбамі. Езус сказаў: “Дай таму, хто ў цябе просіць” (пар. Мц 5,42); “Дай кожнаму, хто ў цябе просіць” (пар. Лк 6,30). Нельга толькі выконваць просьбы тых, што просяць зрабіць нешта дрэннае. Часам усё вырашаць акалічнасці, выпадкова пачутая размова, неспадзяваная сустрэча, спазненне на цягнік і яшчэ шмат падобных рэчаў могуць быць паказальнікам волі Марыі. Трэба мець вочы адкрытыя на ўсе. Часам атрымаеш добрае натхненне. Ты навучышся з цягам часу адрозніваць Божыя натхненні ад падманаў злога духа. Калі б, аднак, ты выпадкова паверыў падману сатаны або ўласнае жаданне прыняў за волю Марыі, не мусіш баяцца. Хто аддаў сябе і шчыра шукае Яе волі, за таго Яна бярэ адказнасць і гэта не толькі нікому не зробіць сапраўднай шкоды, а нават зробіць добры ўчынак.
Калі ты зразумееш адказ Марыі, вярніся да акту аддання. Аддай Ёй сябе, справу і старайся добра яе выканаць. Акт аддання заўсёды з’яўляецца падставовым і самым важным.
Часта, а можа найчасцей, не прыходзіць ніякага адказу. Пытаешся – ціша! Не думай тады, што пытанне не мае сэнсу. Варта і трэба пытацца, нават, калі б ты ведаў, што зноў не будзе ніякага адказу. Без пытання ты ўсё будзеш рабіць самавольна і адданне будзе аблудай. Шлях аддання просты і звычайны, надзвычайныя рэчы на ім рэдка сустракаюцца. Гэта шлях веры і даверу.
Што ж рабіць тады, калі няма адказу? Перш за ўсё, чакай так доўга, наколькі гэта магчыма, каб уласнымі неспакойнымі рухамі не псаваў Марыі Яе планаў. Калі чакаць ужо не можаш, папрасі ў Яе святла і выбяры сам тое, што на тваю думку найбольш Ёй спадабаецца. Аддай Ёй свой выбар і з цалкавітым спакоем выканай тое, што выбраў. Марыя таму не дала адказу, што ведала, што ты сам зможаш выбраць тое, што згодна з Яе воляй. На ўсялякі выпадак – бо ніколі не ведаеш, ці добра ты пытаў – папрасі, каб Яна вярнула цябе з дарогі або адсунула дрэнныя наступствы выбару, калі б ён быў няправільны, і тады будзь цалкам спакойны.
Цяпер у цябе ёсць кароткія нарысоўкі шляху аддання на ўсе выпадкі, каб тваё адданне магло стаць жыццём. Калі ты ведаеш, чаго жадае Марыя, аддай гэта і выканай. Калі не ведаеш, запытайся і чакай адказу. Калі зразумееш адказ, аддай Ёй і выканай. Калі не зразумееш, выбяры сам паводле вышэй указаных парадаў, аддай выбар і будзь спакойны. Гэта скарочанае пералічэнне галоўных правілаў жыцця на шляху аддання. Мудрыя, простыя, даступныя кожнаму.