як аўдыё-кнiгу тут
Дадзены твор — навучанне святога Людвіка дэ Манфора падчас яго місіяў. Галоўнай мэтай было адкрыць ролю Маці Божай у Божым плане збаўлення, у духоўным і апостальскім жыцці хрысціяніна. Ён скіраваны да шырокага кола, і разам з тым гэтая таямніца адкрытая “асаблівым чынам простым і ўбогім” (СУ 26).
Дату напісання вызначыць немагчыма. Зважаючы на словы аўтара “на працягу доўгіх гадоў”, стварэнне твора можна звязаць з канцом яго місіяў. 1712 год — гэтая дата традыцыйна найбольш верагодная.
Пішучы “Трактат”, святы духам бачыў будучыню гэтага твору, але ён прадказваў таксама падзеі, якія датычыліся Касцёла і свету, ажно да надыходу Валадарства Хрыста:
Я прадбачу, як драпежныя звяры злятуцца са злосцю, каб сваімі д’ябальскімі зубамі разарваць гэтую маленькую кніжачку і таго, кім Дух Святы паслужыўся, каб яе напісаць, альбо прынамсі схаваць яе ў цемры і цішыні якога-небудзь куфара, каб толькі яна ніколі не з’явілася. Яны нават будуць атакаваць і пераследваць тых, хто будзе яе чытаць і практыкаваць тое, што там напісана. Але нічога! Нават лепш! Гэта нават дадае мне адвагі і надзеі на вялікі поспех, гэта значыць, на вялікую эскадру мужных і адважных жаўнераў Езуса і Марыі, мужчынаў і жанчынаў, каб змагацца са светам, д’яблам і сапсаванай натурай у згубныя як ніколі раней часы, што павінны надысці! Qui legit intelligat (Мц 24, 15). Qui potest capere capiat (Мц 19, 12): “Хто чытае, няхай разумее. Хто можа зразумець, няхай разумее!” (ТСУ №114).
Рукапіс “Трактату” не быў адразу апублікаваны. Першая частка згубілася назаўсёды, але рэшта тэксту была схаваная ў куфары падчас Францускай Рэвалюцыі; пра яе забыліся больш, чым на сто гадоў. У 1842 годзе твор знайшоў а. Пётр Рацюро (†1869) і годам пазней апублікаваў яго. Манфор, пішучы “Трактат”, пакорна даручыў будучыню гэтага твору Божаму Провіду. “Трактат”, як і яго святы аўтар, меў сваю гісторыю пераследванняў, забыцця і славы. Выцягнуты з цемры і цішыні закопанага куфара, ён стаў найбольш друкаваным і перакладаным творам пра Марыю, чытаным ва ўсім каталіцкім Касцёле. Святы Людвік прадказаў не толькі будучыню “Трактату”, але таксама духоўную бітву, пераследванні і цярпенні Касцёла ажно да надыходу Антыхрыста.
18 снежня 1842 г. мансеньёр Рэнэ-Франсуа Суайе, біскуп Люсона, дае свой імпрыматур. Першае выданне ўбачыла свет ў 1843 годзе (127 гадоў пасля смерці аўтара) ў Парыжы. Сёння “Трактат” налічвае больш за трыста выданняў на дваццаці мовах.
Клопатам першых выдаўцаў было наданне назвы рукапісу, першыя старонкі якога не захаваліся, і таму загалоўка не было. Таму было вырашана даць назву “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Святой Дзевы”.
Традыцыя патрабуе захаваць назву і ў дадзеным выданні. Аднак нам падалося надзвычай карысным падаць яшчэ і падзагаловак — гэта акрэсленне, якое дае сам Манфор у сваім творы (СУ 227): “Падрыхтоўка да надыходу Валадарства Езуса Хрыста”. […]
Калі разглядаць гэты твор больш дакладна, то яго непаўторнасць трэба разглядаць знутры. Місіянер ставіць форму ўшанавання Маці Божай, якая ўжо існуе, у перспектыву розных яго аўтараў. Ён сам скаштаваў яе дзякуючы глыбокаму асабістаму досведу, які з’яўляецца для яго крытэрыям духоўнай плённасці. І нарэшце, ён “апрануў” яе ў новую форму, дадаў свае спосабы практыкавання, унутраныя і вонкавыя. Чытач, які здолее ўхапіць фундаментальны сэнс гэтага твору, з радасцю адкрые яго надзвычай глыбокае навучанне, якое прывабіць тэолагаў і зацікавіць духоўных асобаў.