Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! У першыя суботы месца Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для ўсіх, хто прагне прыняць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог паказаў нам у Фаціме. Прашу, адкрый перад намі сваё Сэрца. Асмельваемся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай, а таксама з дзіцячаю адвагаю, таму што хочам наследаваць Цябе у вернасці Богу, таму што хочам жыць любоўю да Твайго Сына, таму што прагнем заўсёды трываць у стане ласкі, і нарэшце, таму, што прагнем ўсё, што толькі можам, ахвяраваць у духу ўміласціўлення за грахі тых людзей, якія зневажаюць і абражаюць Цябе. Дапамажы, каб сэрцы нашыя станавіліся ўсё больш любымі Табе, больш блізкімі Табе, больш падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
«І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама [ўзяў] і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новым Запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта» (Лк 22, 19–20).
Прыгляджуся да Езуса, які абмывае ногі Апосталам. Ён, Пан і Бог, кленчыць перад кожным з іх і абмывае ім ногі. Ён, Пан і Настаўнік, служыць беднаму стварэнню… Перад гэтаю пакораю Пана і Бога нашага спытаем сябе: ці ёсць нейкая праца, нейкая паслуга, якую мы павінны зрабіць для іншых і якая магла б закрануць нашую годнасць, быць занадта нізкаю для нас?
Перад Богам няма нізкай або ўзнёслай працы, як гэта ёсць у чалавечым разуменні. Узнёслаю з’яўляецца кожная праца, выкананая для Бога, у чыстай інтэнцыі, з любові да Яго. Нізкаю будзе кожная праца, выкананая з любові да сябе, з ганарлівасці, з эгаізму…
Памятай, што для цябе заўсёды павінна быць важным не тое, што ты робіш, а тое, як ты робіш… Ніколі-ніколі не саромся ніякай працы, не думай, што нейкая праца можа прынізіць цябе. Зрэшты, калі душа сапраўды пакорная, то яна павінна быць гатовая да любога прыніжэння, бо разумее, што яна заслугоўвае прыніжэння. Але што датычыць працы, то мы мусім зразумець правільна — ніводная праца не прыніжае… Самаю ўзнёслаю будзе тая праца, якая будзе выкананая з найвялікшаю любоўю…
Як жа я павінна быць удзячная Езусу-Гостыі за тое, што магу штодзённа прымаць Яго ў святой Камуніі!
Якая мая падзяка пасля святой Камуніі? Ці гаворыць маё сумленне пра тое, што я ў гэтым сэнсе бездакорная? Ці цаню я ўсю веліч ласкі штодзённай святой Камуніі? Я — убогае, малое, грэшнае стварэнне, а Езус, мой Бог, Пан, Стварыцель сусвету, становіцца маёю ўласнасцю, сыходзіць з вышыні неба ў маё ўбогае сэрца, прыносіць мне ласкі, прабачэнне, дапамогу ва ўнутранай працы, сілу, святую радасць, Божы супакой і становіцца маім Суцяшальнікам у крыжах і цярпеннях… А я — як я дзякую Яму за гэта?
Езу, Езу-Гостыя, як жа я павінна перапрашаць Цябе за сваю няўдзячнасць, як павінна саромецца з-за таго, што так слаба адчуваю веліч дабрадзействаў, якія прыносіць мне святая Камунія! Дай мне ўдзячнае сэрца, няхай пасля кожнай святой Камуніі мая душа ўздымаецца да Цябе, няхай глыбока дзякуе за Тваю бязмежную любоў, праяўленую да мяне ў святой Камуніі
Чаму штодзённая святая Камунія прыносіць нашай душы так мала карысці? Столькі разоў прыняўшы святую Камунію, я ўсё яшчэ застаюся такою недасканалаю і ніяк не прасунулася наперад на шляху святасці. Таму што я рыхтуюся да святой Камуніі абыякава, холадна або зусім не рыхтуюся! Езу, учыні, каб з гэтага часу было іначай!
«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго…» Гэта нібы апошняя воля Езуса, напярэдадні сваёй крыжовай ахвяры Ён мог паказаць нам вяршыню любові да бліжняга… Я павінна любіць бліжніх гэтак жа, як Езус мяне палюбіў, знясільваючыся, прысвячаючы сябе ім, як ахвяра ўсеспалення.
Езус сам узняўся ажно да вяршыні любові. Ён не патрабуе ад нас такой вялікай ахвяры, але заклікае нас прысвячаць сябе іншым, забываючы пра сябе. Ці ж мая любоў да бліжняга хоць трохі падобная на любоў Езуса да мяне? Ці гатовая і я, гэтак жа, як Езус-Гостыя, аддацца іншым безумоўна?
«Бярыце і ешце»... Ешце мае сілы, бо яны ў вашым распараджэнні, я хачу вам служыць імі. Бярыце і ешце мае здольнасці, маё ўменне, калі я праз яго магу быць для вас карыснаю. Бярыце і ешце маё сэрца, няхай яно сваёю любоўю сагравае і асвятляе вашае жыццё. Бярыце і ешце мой час, няхай ён будзе ў вашым распараджэнні. Вазьміце мяне, нават калі гэта будзе цяжка для мяне, я — ваша, гэтак жа, як Езус-Гостыя — мой…
Езус пакідае нам спакой, свой святы, Божы спакой. Гэтае нябеснае дабро, якое анёлы абвясцілі ўсяму свету пры нараджэнні Збаўцы, Езус урачыста перадае Апосталам і адначасова ўсім, хто прагне верна служыць Яму. Найбольшым дабром на зямлі з’яўляецца спакой. Без спакою няма ні шчасця, ні нават развіцця на шляху збаўлення, бо там, дзе ёсць спакой, ёсць і Бог — неспакой засланяе Бога.
Давайце прасіць Езуса аб святым, Божым спакоі, які яднае нас з Панам і які прыносіць у душу атмасферу неба. І адначасова памятайма, што спакой абяцаны пакорным душам. Пакорны не мае ўсіх гэтых змаганняў, клопатаў, турботаў, хваляванняў, якія мучаць пыхлівую душу. Пакорны спачывае ў Богу, якому аддаецца з поўным даверам. Ён ведае, што сам нічога не здолее, нічога не можа, бо з’яўляецца нікчэмнасцю, таму ўсяго чакае ад крыніцы ўсялякага дабра, ад свайго Бога, і ва ўсім пакладаецца на Яго. Там, дзе ёсць пакорнае падпарадкаванне нашай нікчэмнасці Найвышэйшаму Пану, сэрца не мусіць ні трывожыцца, ні баяцца.
Бог — мой Пан, найлепшы Пан, які найбольш любіць мяне. У Яго руках — маё жыццё, мая праца, мае пачынанні і сама смерць. Ён усім кіруе, Ён усім распараджаецца, а я не хачу нічога іншага, як толькі таго, каб мой Пан меў ува мне падатлівую прыладу для выканання Яго волі. Я хачу быць малым мячыкам у руках Езуса, няхай Ён бавіцца са мною, як Яму падабаецца. Нічога не можа ўсхваляваць мяне, паколькі я ведаю, што я ў Ягоных руках. Я настойліва хачу адкінуць усялякія турботы, клопаты, хваляванні, якія прагнуць закрасціся ў маё сэрца. Хачу слухаць голас Пана…
У Табе — мой давер, мой спакой, калі я слухаю Цябе, маё сэрца ні трывожыцца і ні баіцца. Я даверылася Табе і не буду асаромленая навекі.
Езус моліцца на самым пачатку сваёй святарскай малітвы, адразу пасля ўстанаўлення Сакрамэнту Любові, каб сярод нас запанавалі згода і любоў. Як жа я павінна старацца, каб гэтае прагненне Пана здзейснілася!
Езус устанавіў Сакрамэнт Любові, Сакрамэнт, які з’яўляецца для мяне крыніцаю шчасця, радасці і супакою. Ужо толькі некалькі гадзінаў аддзяляе Езуса ад жахлівай мукі, Яго Сэрца напоўнена самаю чулаю любоўю да тых, дзеля каго Ён так бязмежна ахвяруе сабою. У гэтую хвіліну з Боскага Сэрца сыходзіць малітва, у якой выяўляецца самае гарачае Езусава жаданне: каб мы былі адно, каб сярод нас панавалі любоў і згода… Ці не паўстане ў маім сэрцы гарачае жаданне: «Езу, хачу суцешыць Тваё Сэрца, зрабіць усё, што толькі ў маіх сілах, каб сярод нас панавалі любоў і згода, каб мы былі адно, як і Ты з Айцом — адно»?
Я павінна задумацца: што мне найбольш патрэбна для таго, каб я спрыяла згодзе і была анёлам супакою. Перш за ўсё я мушу дбаць пра ўступлівасць… Усялякая нязгода вынікае менавіта з таго, што людзі маюць розныя меркаванні, жаданні. Розныя прыхамаці нават двух чалавек не выклічуць нязгоды, калі адзін з іх ахвотна, з любоўю пажадае саступіць і падпарадкавацца волі іншага. Такім чынам нязгоду можна прадухіліць. Ці дбаю я пра тое, каб ахвотней прыстасавацца да волі іншых, выканаць волю іншых, чым сваю ўласную? Нязгода ўзнікае таксама з-за самалюбства, якое зайздросціць іншаму ў поспеху, пахвале, вышэйшай пасадзе. Адсюль у самалюбівай душы нараджаецца непрыязнасць да гэтага чалавека, і яна без прычыны шукае зачэпкі, шукае сваркі, дакучае яму ўсюды, дзе толькі можна. Нязгода ўзнікае таксама з-за крыўдлівасці. Ёсць душы, якія з-за абы-чаго, з-за неасцярожнага слоўца, з-за зробленай ім заўвагі адразу крыўдзяцца — і згоды ўжо няма…
Добры Езу, жадаючы суцешыць Тваё Боскае Сэрца, я прыкладу ўсялякія намаганні, каб заўсёды жыць з іншымі ў згодзе, спрыяць згодзе і еднасці; каб паўсюль, дзе я апынуся па Божай волі, быць анёлам супакою. Боскае Сэрца, паблагаславі, дапамажы і выслухай гэтую гарачую просьбу.
Сэрца Езуса, яднанне ўсіх сэрцаў, з’яднай нас у Тваёй святой любові!