Молімся: О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагнем перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае наша перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае наша перапрашэнне, просім прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагнем перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто зневажае Твае святыя выявы.
Маці Божая, аддаем Табе нашыя сэрцы. Ачысці іх, распалі ў іх любоў. Выпрасі нам святло Духа Святога, каб мы маглі пазнаць волю Божую і выканаць яе з Тваёй дапамогаю.
Жадаючы суцешыць і перапрасіць Тваё Беззаганнае Сэрца, распачынаем малітву Святога Ружанца.
Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.
Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн. (3 разы)
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
З Евангелля паводле св. Мацвея:
Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. А голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» (Мц 3,16–17).
Уключэнне ў Хрыста, якое адбываецца ў святым хросце, аднаўляецца і пастаянна ўмацоўваецца праз удзел у эўхарыстычнай Ахвяры, перадусім тады, калі гэты ўдзел поўны дзякуючы ўдзелу ў сакрамэнтальнай Камуніі. Мы можам сказаць, што не толькі кожны з нас прымае Хрыста, але таксама Хрыстус прымае кожнага з нас. Ён умацоўвае повязі сяброўства з намі: «Вы — сябры Мае» (Ян 15, 14). Мы сапраўды жывем дзякуючы Яму: «Той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне» (Ян 6, 57). У эўхарыстычнай Камуніі ўзнёслым чынам рэалізуецца ўнутранае «пражыванне» Хрыста і вучня: «Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас [буду]» (пар. Ян 15, 4) (Ecclesia de Eucharistia, 22).
Найсвяцейшая Маці, у гэтай таямніцы святла просім Цябе, каб, дзякуючы Богу за сакрамэнт хросту, мы заўсёды прагнулі аднаўлення ў Хрысце праз Эўхарыстыю, а таксама, каб, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, маглі перажываць кожную сустрэчу з Езусам у духу жывой веры.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за недахоп веры і паслухмянасці многіх людзей, якія не хочуць слухаць Бога і Яму служыць.
Пасля кожнай малітвы «Вітай, Марыя» чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце.
Ойча наш…, Вітай, Марыя…(10 разоў), Хвала Айцу…
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
З Евангелля паводле св. Яна:
<...> было вяселле ў Кане Галілейскай. Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». <...> І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». <...> Кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (гл. Ян 2, 1. 3. 7–9).
Калі Эўхарыстыя — таямніца веры, якая пераўзыходзіць наш інтэлект і праз гэта змушае нас да як найбольш поўнай пакоры Божаму Слову, то ніхто ў такой ступені, як Марыя, не можа быць для нас падтрымкаю і правадніком у гэтых адносінах. Наша паўтарэнне справы Хрыста з Апошняй Вячэры, якая з’яўляецца спаўненнем Яго наказу: «Гэта чыніце на Маю памяць!», становіцца адначасова прыняццем запрашэння Марыі быць паслухмянымі Яму без ваганняў: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). З матчыным клопатам, засведчаным падчас вяселля ў Кане, Марыя як бы кажа нам: «Не сумнявайцеся, паверце слову майго Сына. Ён, які змог перамяніць ваду ў віно, мае сілу ўчыніць з хлеба і віна сваё Цела і сваю Кроў, ахвяруючы вернікам у гэтай таямніцы жывую памяць сваёй Пасхі, каб такім чынам учыніць з сябе «хлеб жыцця» (Ecclesia de Eucharistia, 54).
Молімся да Маці Божай, каб так, як у Кане Галілейскай, Яна звярталася да свайго Сына ў інтэнцыях усіх сужэнцаў, бацькоў і дзяцей, а яны памяталі пра жыццё ў Божай ласцы.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за тое, што так шмат людзей не прызнае Яе заступніцтва перад Богам і не шукае ў Яе дапамогі і апекі.
Пасля кожнай малітвы «Вітай, Марыя» чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру у Тваё непарушнае Дзявоцтва.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
З Евангелля паводле св. Марка і св. Лукі:
Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле (Мк 1, 14–15). Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае (Лк 8, 1).
Чалавек — не пасіўны сведка ўваходу Бога ў гісторыю. Езус заклікае нас дзейсна клапаціцца пра надыход Божага Валадарства і пра Божую справядлівасць. Ён жадае, каб гэта стала нашым асноўным клопатам, таму што чалавек пакліканы да таго, каб рукамі, розумам і сэрцам садзейнічаць пашырэнню Божага Валадарства ў свеце. Асаблівым чынам гэта адносіцца да тых, хто пакліканы да апостальства, але датычыць таксама і кожнага чалавека (Ecclesia de Eucharistia, 18).
О Марыя, Святыня духоўная, наша клапатлівая Маці, Ты ўважліва ўслухоўвалася ў голас Божай Праўды, вучы нас любові да Божага слова і Эўхарыстыі.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія не думаюць пра вечнасць і не клапоцяцца пра чысціню сваёй душы і свайго сумлення.
Пасля кожнай малітвы «Вітай, Марыя» чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
З Евангелля паводле св. Лукі:
<...> ўзяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, [Езус] ўзышоў на гару памаліцца. Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце» (гл. Лк 9, 28–29. 35).
У момант перамянення пачуўся голас Айца Нябеснага: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце» (Мк 9,7). Гэтыя словы — праграмныя: мы павінны слухаць Езуса. Ён аб’яўляе нам Айца і паказвае нам, хто мы такія; Ён аб’яўляе чалавека самому чалавеку. Таму не будзем баяцца Хрыста! Узносячы нас да вышыняў свайго Боскага жыцця, Ён не пазбаўляе нас чалавечнасці, а наадварот, надзяляе нас яшчэ большаю чалавечнасцю, надаючы поўны сэнс нашаму асабістаму і грамадскаму жыццю (Ecclesia de Eucharistia, 20).
Маці Найсвяцейшая, Брама нябесная, навучы нас годна прымаць Езуса ў Эўхарыстыі, каб гэты святы спажытак Цела і Крыві вызваліў нас ад грахоў, дасканала ачысціў ад правінаў, аднавіў і стаў для душы і цела надзейнаю абаронаю ад подступаў злога.
У гэтай таямніцы перапрашайма Беззаганнае Сэрца Марыі за недахоп у сучасным свеце духу адрачэння і ахвяры.
Пасля кожнай малітвы «Вітай, Марыя» чытаецца просьба: Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
З Евангелля паводле св. Мацвея:
Калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, паламаў і, даўшы вучням, сказаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў» (Мц 26,26–28).
Эўхарыстыя — вяршыня ўсіх сакрамэнтаў, дзякуючы якім мы дасягаем дасканалай камуніі з Богам Айцом праз Адзінароднага Сына і дзеянне Духа Святога. З усёю яснасцю, што сыходзіла з веры, выказваў гэтую праўду вядомы пісьменнік візантыйскай традыцыі: у Эўхарыстыі, «у адрозненне ад кожнага іншага сакрамэнту, таямніца [камуніі] такая дасканалая, што вядзе да вяршыні ўсялякага багацця: гэта тут знаходзіць сваю мяжу ўсялякае людское жаданне, бо тут мы атрымліваем Бога, і Бог уступае ў дасканалае паяднанне з намі» (так пісаў Нікалас Кабасілас у сваёй кнізе Жыццё ў Хрысце). Менавіта таму неабходна развіваць у душы пастаяннае жаданне сакрамэнту Эўхарыстыі. Так узнікла практыка «духоўнай Камуніі», шчасліва ўкаранёная ад вякоў у Касцёле і рэкамендаваная святымі настаўнікамі духоўнага жыцця. Святая Тэрэза ад Езуса пісала: «Калі не прыступаеце да Камуніі і не ўдзельнічаеце ў святой Імшы, то найбольш карысна практыкаваць духоўную Камунію... Дзякуючы ёй вас шчодра пазначае любоў нашага Пана» (Ecclesia de Eucharistia, 34).
Марыя, Маці Эўхарыстыі, учыні, каб нашыя сэрцы заўсёды былі гатовымі годна прыняць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Няхай бацькі, дзеці і моладзь ахвотна збіраюцца за эўхарыстычным Сталом.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за нягоднае прыняцце святой Камуніі і за ўсялякую абыякавасць у адносінах да Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Пасля кожнай малітвы «Вітай, Марыя» чытаецца просьба: Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Каралева Ружанца Святога, наша Фацімская Пані! Дзякуем Табе за дапамогу, якую Ты нам аказала. Тваё Фацімскае пасланне — гэта праява Мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш правесці на Неба.
Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэтую поўную велічы Каралеву Неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.
Благаслаўлёная Ты, Марыя, пасланая Богам у Фаціму. Ты прынесла свету пасланне надзеі, заклік да малітвы і пакаяння, а таксама просьбу аб кампенсацыі за грахі, якія чыняць сучасныя людзі.
У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх словаў аб трыўмфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца!».
Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем’яў, Маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхваюць наш сучасны свет. Просім, прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі Мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за зямны і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр.
Ты казала са смуткам: «Шмат душаў ідзе на асуджэнне». Сваёй духоўнай дачцэ, Люцыі, Ты тлумачыла, што «сучасны свет заслугоўвае патопу больш, чым у часы Ноя», а ў сваёй фацімскай таямніцы пакінула нам папярэджанне: сёння свет заслужыў вялікую Божую кару. Толькі Бог можа змяніць ход нашай гісторыі, пакласці канец распаўсюджванню вакол нас цывілізацыі смерці, абудзіць у людзей прагненне будаваць новы, лепшы свет. Як вучні Хрыста, пакліканыя да Яго служэння, стоячы сёння перад Табою, мы прагнем разам з усім Касцёлам з’яднацца перад Тваім Беззаганным Сэрцам у прысвячэнні, з якім Твой Сын у любові да нас аддаў сябе Айцу: «І за іх Я прысвячаю сябе, каб і яны былі асвячоныя ў праўдзе» (Ян 17, 19). Прагнем з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым прысвячэнні за свет і за чалавецтва — прысвячэнні, якое ў Яго Боскім Сэрцы мае моц перапрашэння і кампенсацыі за грахі.
Сёння аддаемся Табе безаглядна, каб кожны з нас быў «цалкам Твой», ажно на вякі, каб нішто не адлучыла нас ад Езуса, Збаўцы свету. Няхай нашае прысвячэнне ў еднасці з прысвячэннем Твайго Сына мае моц перамяніць навакольны свет. Няхай яно агорне ўсіх людзей і дапаможа перамагчы ўсялякае зло, якое дух цемры здольны пасяліць у сэрцы чалавека і ў яго ўчынках — тое, якое ўжо распаліў у наш час.
Просім Цябе, Марыя! Пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца — шлях, які вядзе сучасны свет да Бога. Просім, «ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды!».
Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць усялякі грэх, грэх у кожным яго абліччы: у нас саміх і вакол нас.
Няхай наш дзіцячы давер будзе Тваёю прыладаю, якую Ты выкарыстаеш згодна з Божаю воляю, каб настала цывілізацыя любові, згоды і святасці жыцця — у нас, нашых сем’ях і ўсіх народах.
Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная магутнасць Адкуплення — магутнасць міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі!
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі. Амэн.
Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.
Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Мацi міласэрнасці,
Мацi надзеі,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Палёгка мігрантаў,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою,
Каралева Беларусі, – малiся за нас.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.
С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.
О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.
Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн.
(на выбар, 15 хвілін)